ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ       ru   be   en   de  
Поиск по сайту :
telegram   telegram   telegram   telegram   instagram
 
 
Речица.BY » Новости района » Усім павінен кіраваць эканамічны разлік
Усім павінен кіраваць эканамічны разлік
14 сентября 2011

altПраблемам, якія маюцца ў жывёлагадоўчай галіне раёна, і пачатку азімай сяўбы было прысвечана чарговае выязное пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося ў мінулую суботу.

Забягаючы наперад, варта сказаць, што жывёлагадоўля раёна зараз мае шэраг нявырашаных праблем. Як зазначыў, падводзячы вынікі выезду на плянарным пасяджэнні, старшыня райвыканкама Пётр Шостак, згодна з рэйтынгам па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, які штомесяц падводзіць вобласць, наш раён займае аж дзясятае месца, што, вядома ж, зусім не адпавядае яго патэнцыялу. І асноўныя лічбы, што гучалі падчас выступленняў, не на карысць нашых жывёлаводаў. У нас – самае вялікае невытворчае выбыццё маладняку, мы недаатрымалі 704 галавы прыплоду да ўзроўню мінулага года. Хіба можна дараваць тое, што раён, выказваючыся словамі Пятра Шостака, закапаў у зямлю 1396 галоў цёлак – той будучыні, якая магла б істотна паўплываць і на фінансавае становішча сельгаспрадпрыемстваў, і на выкананне даведзеных прагнозных паказчыкаў? Не самыя суцяшальныя лічбы гучалі падчас плянарнага пасяджэння і з вуснаў намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Паўла Тараканчыкава: КСУП “Камсамольск”, філіял “Рэчыцкі”, падсобная гаспадарка “Крынкі” – зменшылі пагалоўе жывёлы, тыя ж “Крынкі”, а таксама КСУП “Агракамбінат “Холмеч” ды калгас (СВК) “21 з’езд КПСС” зменшылі ўдоі на карову. Сярэднесутачныя прывагі БРЖ па раёну ўсяго 689 грамаў, прычым у такіх гаспадарках як КСУПы “Новы шлях-агра”, “Камсамольск”, філіялы “Рэчыцкі”, “Савецкая Беларусь”, “Імя Фрунзе”, падсобная гаспадарка “Крынкі” яны ніжэй за сярэднераённыя – на ўзроўні 600 грамаў. Агучылі праблемы, што маюцца ў гаспадарках, і галоўны ветурач раёна Вячаслаў Шасцітка, і галоўны заатэхнік-селекцыянер філіяла “Гомельдзяржплемпрадпрыемства” Уладзімір Хмяльніцкі. Тут узнімаліся і недахоп клетак-хатак, і дрэнная іх вычыстка, і рамонт, што, несумненна, адбіваецца на паказчыках невытворчага выбыцця. Адбор цёлак для асемянення таксама пакідае жадаць лепшага. Асемяненне кароў па раёну склала ўсяго 79% ад задання, а цёлак – 91%. Неналежны стан і пунктаў штучнага асемянення ў шэрагу гаспадарак. Просіць удасканалення таксама аплата працы тэхнікаў-асемянатараў.

Каб пераадолець гэтыя негатыўныя з’явы, тыя падыходы, якія маюцца ў сельгасвытворцаў сёння, і спосабы ажыццяўлення работы ў адпаведнасці з патрабаваннямі кіраўніка вобласці ўдзельнікі выязнога пасяджэння вывучалі на прыкладзе філіяла “Савецкая Беларусь” ААТ “Рэчыцкі КХП”. Як сказаў ва ўступным слове Пётр Шостак, гэта далёка не горшая гаспадарка ў раёне. Тым не менш, пры наведванні многіх аб’ектаў былі бачныя відавочныя памылкі тутэйшых жывёлаводаў ды агранамічнай службы.

Пачалося наведванне гаспадаркі з агляду крыху недабудаванага лёгкатыпнага хлява на МТФ “Гарошкаў”. Будынак прыгожы, надзейны, аднак, на думку тых, хто ўжо сутыкнуўся з падобнымі будоўлямі і эксплуатуе такія памяшканні, тут маецца шэраг пралікаў, і іх яшчэ не позна ліквідаваць. Пры гэтым кіраўнік калгаса (ВСК) “50 гадоў Кастрычніка” Рыгор Шпакаў распавёў, як арганізавана подобнае будаўніцтва ў “50 гадоў Кастрычніка”. Там такія хлявы будуе брыгада з шасці чалавек па працягу месяца, гэта робіць саму будоўлю значна таннейшай, у той жа час – атрымліваюцца аптымальныя тэрміны. Як запэўніла кіраўніцтва “Савецкай Беларусі”, яны мяркуюць узводзіць у год па 2 падобных хлявы, але сёлета, на жаль, атрымаўся толькі адзін. Яшчэ адзін зараз рэканструюецца на МТФ “Свірыдавічы”.

Ролю сапраўднага настаўніка давялося выконваць падчас наведвання аб’ектаў гаспадаркі кіраўніку раёна. Ён, як мог, тлумачыў і галоўнаму заатэхніку, і галоўнаму аграному эканамічныя перавагі тых тэхналогій сельгасвытворчасці, якія імкнецца ўкараніць у вобласці губернатар. Напрыклад, кармленне камбікормам ды сенам маладняку ва ўзросце старэй сарака дзён. Нават генеральны дырэктар ААТ “Рэчыцкі КХП” Аляксандр Мікалуцкі наракаў, што яшчэ многія спецыялісты проста баяцца, іх трэба пераўпэўніваць. Зараз, каб мець 1,1 кг прывагі цёлак, неабходна даць жывёліне 5 кармавых адзінак. І пры належных прывагах цёлак можна рэалізоўваць жывой вагой па цане 30 000 за кілаграм – гэта карыстаецца попытам нават у нашых суседзяў-расіян. Дарэчы, зазначыў Пётр Шостак, ад мерапрыемстваў па захаванню пагалоўя раён у бягучым годзе ўжо атрымаў каля дзвюх з паловай тысяч галоў плюса. І немалую ролю адыграла тое, што мы маем зараз па раёне 1,5 тысячы хатак-домікаў, а між тым, іх павінна быць не менш за 30% ад пагалоўя кароў. Усе гэтыя акалічнасці падрабязна абмяркоўваліся падчас наведвання МТФ “Сцяпанаўка”. А на завяршэнне выканкам наведаў сіласную яму, дзе адбывалася закладка кармоў. На жаль, і тут былі адзначаны некаторыя памылкі. У сіласе прысутнічае неразмеленае кукурузнае зерне, а трамбоўка робіцца бульдозерам на балотных гусеніцах, ціск якіх на раслінную масу значна меншы.
Памылку адзначыў кіраўнік раёна і на полі, дзе праводзілася сяўба азімых. Тут, на жаль, шматаперацыйны пасяўны агрэгат дагэтуль працуе пасля таго, як поле ўзворана васьмікорпусным плугам. А гэта – яўныя страты на паліве, якія магчыма знізіць у 2-2,5 разы, усяго толькі выкарыстоўваючы для перадпасяўной падрыхтоўкі глебы дыскатар. Ды і тэмпы сяўбы пакуль слабыя, а затрымка менавіта ў нізкай хуткасці ворыва. Мы пакуль не выходзім на тыя тэмпы сяўбы, якія б дазволілі скончыць яе ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Як адзначыў пазней на плянарнай нарадзе намеснік начальніка райсельгасхарчу Віктар Палякоў, раёну трэба пасеяць восенню крыху больш за 21 тысячу гектараў. І тут трэба прыкладаць не толькі сілы, але і розум.

Варта зазначыць, што з часу мінулага прыезду пасяджэння райвыканкама ў “Савецкую Беларусь”, якое адбылося ў ліпені, тут кінулася ў вочы адна вельмі важная змена. Гэта – настрой работнікаў. Адчуваецца, што людзі бачаць перад сабой мэты. Яны імкнуцца дасягнуць страчаныя пазіцыі ды атрымаць належны вынік. Гэта вельмі радавала.

Завяршаючы пасяджэнне, Пётр Мікалаевіч падрабязна расказаў пра тыя эканамічныя набыткі, што дазволяць мець вырошчванне кукурузы, пад якую ў раёне на наступны год будзе адведзена не менш за 25 тысяч гектараў, пра кошты на бульбу, якую трэба захаваць да часу павышэння попыту на яе, пра тое, што з 15 верасня ўся жывёла павінна знаходзіцца на стойлавым утрыманні, каб не страціць надояў, а ў наступным годзе ўвесь дойны статак неабходна перавесці на круглагадовае стойлавае ўтрыманне. “Усім павінен кіраваць эканамічны разлік, лічыце свае грошы”, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ

"Дняпровец"


 

 
Адрес:
247500 г.Речица, пл.Октября, 6
Телефон: (+3752340) 3 41 71
Факс: (+3752340) 3 76 46

Республика Беларусь
Официальные документы
Защита прав потребителей
























Единый день безопасности

Помогут

Помогут
ПОЛЕЗНЫЕ РЕСУРСЫ