У пачатку XVI ст. на беларускія землі пачалі рабіць спусташальныя рэйды крымскія татары. Вёскі, мястэчкі і гарады паліліся, нішчыліся і рабаваліся, у палон для продажу ў рабства выводзіліся тысячы людзей. Неэфектыўнасць сістэмы абароны паўднёвых межаў Вялікага княства Літоўскага прывяла да таго, што нават цэнтральныя рэгіёны краіны сталі адкрытымі для ўварванняў крымчакоў: набегі зведалі і Мінск, і Наваградак, і Вільня.
Страх перад наездамі татараў прымусіў пачаць узвядзенне абарончых умацаванняў вакол сталіцы ВКЛ – Вільні. Тады ж Юры Ільініч дзеля ўласнай бяспекі і абароны сваіх маёнткаў заклаў слынны Мірскі замак. Сабратам апошняга і быў Рэчыцкі замак, які, аднак, выконваў больш важную ролю. Размешчаны непадалёк ад перапраў праз Дняпро, Прыпяць і Сож, якімі карысталіся татары для ўварванняў на беларускія землі, ён стаў магутным фарпостам у барацьбе з імі.
Вялікай удачай ці падарункам гісторыі можна лічыць тое, што да нашага часу захаваліся выявы Рэчыцы сярэдзіны XVII ст., зробленыя заходнееўрапейскімі майстрамі. Немногім гарадам Беларусі пашанцавала з такімі крыніцамі. З дапамогай плана Крыштафа Эйгірда 1649 года і панарамнага малюнка Рэчыцы Абрагама ван Вестэрфельда 1651 ці 1653 года мы можам уявіць, як выглядаў найважнейшы ў абарончым, адміністратыўным і культурным плане архітэктурны комплекс горада – Рэчыцкі замак.
Як сведчаць крыніцы, замак быў закладзены у першай палове XVI ст. пры рэчыцкім дзяржаўцы Сеньку Палазовічу, які прыклаў немала сіл і сродкаў для яго ўмацавання. У пачатку XVII ст. меў пяць вежаў, что мы і бачым на выявах сярэдзіны XVII ст. Аднак найверагодней, такім Рэчыцкі замак быў узведзены ўжо пры Палазовічу і без значных зменаў прастаяў паўтара стагоддзі.
Замак паўстаў на невялікім узвышшы над стромкім берагам Дняпра на месцы ўмацаванага града старажытнарускага часу. У плане ён меў форму авала плошчай каля 1 га. Вал, напэўна, быў рэліктам старажытнага града. Асноўным будаўнічым матэрыялам для ўзвядзення замка было дрэва. Гэта, дарэчы, указвае на вялікую ролю ў будаўніцтве мясцовых майстроў, якія зрубілі замак згодна са сваімі будаўнічымі традыцыямі і звычаямі. Для параўнання: на будаўніцтве мураванага Мірскага замка, відавочна, працавала нямала муляроў-іншаземцаў.
Вышыня драўлянай абарончай сцяны, якая акружала замкавы дзядзінец, магла дасягаць 10 м. Унізе, як і ў іншых умацаваннях таго часу, сцяна складалася са зрубаў ці гародняў, шчыльна прыстаўленых адна да аднае. Звонку гародні, верагодна, абмазваліся глінаю, што павінна было ахоўваць іх ад падпалу ў час аблогі. Зверху праходзіла баявая галерэя, якая выступала за перыметр сцен і акрамя звычайных байніц у знешніх сценах мела таксама вертыкальныя байніцы (т.зв. падсябіцці, ці машыкулі). Баявая галерэя, як і верхнія паверхі вежаў, мела каркасную канструкцыю: у вертыкальныя бэлькі ўкладваліся бярвенні ці тоўстыя дошкі, у якіх праразаліся байніцы. Зверху галерэя была накрыта двухсхільным дахам.
Наяўнасць крытых баявых галерэяў на сценах замка ўказвае на выкарыстанне пры яго абароне пераважна агняпальнай зброі (рушніц, гакаўніц). У выпадку дажджа дах ахоўваў зброю і порах ад намакання.
Для ўваходу на замкавы дзядзінец у заходняй сцяне мелася брама. Яна закрывалася драўляныямі варотамі і пад’ёмным мастом-узводам.
Важнейшую ролю ў абароне замка адыгрывалі вежы, на якіх размяшчалася нашмат больш абаронцаў, чым на сценах. Пяць вежаў былі растаўлены па перыметры замка прыкладна з аднолькавым інтэрвалам. Усе яны часткова выступалі за перыметр сцен, што дазваляла весці фланкіруючы агонь уздоўж сцен.
Найлепей за астатнія на малюнку Вестэрфельда бачна паўднёва-заходняя вежа. Яна мела чатыры баявыя ярусы. У сцяне вежы з боку горада ў другім ярусе мелася тры байніцы. Вышэй вежа пераходзіла з чацвярыка ў васьмярык, які, як бачна на малюнку, меў каркасную канструкцыю. У кожным з бакоў васьмярыка на абодвух верхніх ярусах меліся байніцы, што дазваляла весці абарону ва ўсіх накірунках.
Спецыфічнае прызначэнне мела паўночна-заходняя вежа. Як можна меркаваць па роўнаканцовым крыжы на вежы, у ёй размяшчалася замкавая праваслаўная ці ўніяцкая капліца. Памяшканне храма было павялічана з дапамогай дадатковай прыбудовы, якая выступала за перыметр вежы. Прыбудова, у якой месціўся алтар, завяршалася гранёнай апсідай з высокім дахам, на вільчыку якога быў пастаўлены крыж. Вышэй вежа пераходзіла ў васьмярык, у якім, напэўна, размяшчалася званіца. Тут жа мог быць пункт для назірання за наваколлем, а званы маглі выкарыстоўвацца для апавяшчэння замкавай залогі і жыхароў горада аб небяспецы. Васьмярык быў накрыты высокім шатровым дахам з глаўкай і вялікім крыжам наверсе.
Па сістэме абароны драўляны Рэчыцкі замак можна параўнаць з мураваным Мірскім. У абодвух дамінуе вышынны прынцып абароны: павялічэнне вышыні сцен і вежаў садзейнічала ўзмацненню сілы стрэлу з ручной мятальнай (лука, арбалета) ці агняпальнай зброі (рушніцы, гакаўніцы). Абарона подступаў вялася з дапамогай вынесеных галерэй і выступаючых вежаў. Для абстрэлу ворага на далёкай адлегласці маглі выкарыстоўвацца гарматы познесярэднявечнага тыпу (тарасніцы, фоглеры), якія ставіліся на вежах.
Умацаванні такога кшталту не маглі вытрымаць аблогі з дапамогай цяжкай артылерыі, аднак галоўнай мэтай Рэчыцкага замка, як і таго ж Мірскага, было стрыманне крымскіх татараў, якія не мелі ні навыкаў вядзення рэгулярнай аблогі, ні артылерыі. З канца XVI ст. на ўсходнія і паўднёвыя беларускія землі пачалі рабіць выправы ўкраінскія казакі, якія таксама не вызначаліся навыкамі здабывання ўмацаванняў. Таму з пачатку XVI ст. да сярэдзіны XVII ст. Рэчыцкі замак паспяхова спраўляўся з ускладзенымі на яго задачамі.
Пад аховай магутнага Рэчыцкага замка паўтара стагоддзя рос і развіваўся горад, які пазней атрымаў свае ўласныя ўмацаванні ў выглядзе драўлянага паркана ці частакола, умацаванага невялікімі вежамі-баштамі. У сярэдзіне XVII ст. вакол горада з прычыны ўзрастання яго ваенна-стратэгічнага значэння пачалі ўзводзіць новыя магутныя бастыённыя ўмацаванні. Аднак спусташальная вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў паставіла крыж на развіцці квітнеючага горада. Ужо ў першыя месяцы вайны ў Рэчыцу ўвайшлі казакі Івана Залатарэнкі, якія спалілі горад і замак. З-за сур’ёзнага дэмаграфічнага і эканамічнага крызісу ў краіне, выкліканага вайной, Рэчыцкі замак пазней не сталі адбудоўваць, ды і фартыфікацыі такога кшталту, як паказала вайна, страцілі сэнс.
Мікола ВОЛКАЎ
Мінск–Варшава–Бярлін
"Дняпровец"