Завяршыўся раённы этап абласнога конкурсу сярод устаноў адукацыі, які насіў назву “Таму, што тут я жыву”.
Амаль ва ўсіх населеных пунктах раёна за апошнія два месяцы былі прыгожа аздоблены натуральныя водныя крыніцы. Нягледзячы на шпаркае развіццё аграгарадкоў і будаўніцтва ў іх вадаправодаў, калодзезі па-ранейшаму шмат дзе застаюцца найбольш надзейнымі сродкамі забеспячэння жыхароў смачнай вадзіцай проста з-пад зямлі. Але, на жаль, не ўсюды ёсць магчымасць падтрымліваць іх у належным стане. Менавіта для таго каб вонкавы выгляд нашых вёсак зрабіўся яшчэ больш прывабным, а карыстанне калодзезямі было прыемным, і задумвалася адмысловая акцыя-конкурс “Таму, што тут я жыву”. Але не толькі гэтым мэтам падпарадкоўвалася яе правядзенне. Бадай, найгалоўнейшым тут павінен стаць выхаваўчы момант – прывіваць дзецям любоў да роднай зямлі і прыгажосці, створанай уласнымі рукамі, неабходна змалку. І акцыя “Таму, што тут я жыву” – як ні што іншае гэтаму паспрыяе.
На працягу раённага этапу, што праходзіў з першага лютага па першае красавіка, кожная з 31 школы, размешчанай у раёне, арыгінальна аздобіла па аднаму калодзезю ў сваіх населеных пунктах. А сярэднія школы пасёлка Зарэчча і горада Васілевічы, дзе калодзезяў няма, узялі для добраўпарадкавання студні вёсак Днепрык і Закрошынскі Мох.
Як адзначае адмысловец раённага аддзела адукацыі Святлана Сазанава, дошкамі, цвікамі і завесамі школам дапамог філіял “Рэчыцаводаканал” КУП “Рэчыцкі райжылкамгас”. А асаблівая падзяка настаўнікаў – старшыні раённага Савета дэпутатаў Міхаілу Баярыну. Менавіта ён курыраваў правядзенне акцыі, садзейнічаў аператыўнаму вырашэнню пытанняў па забеспячэнні школ адпаведнымі матэрыяламі.
Практычна ўсе калодзезі, да якіх на ўроках працы альбо падчас пазакласных заняткаў спрычыніліся рукі шкаляроў, зараз з’яўляюцца прадметам гонару не толькі вучняў, але і ўсіх сялян, бо зробленыя з душой і творчасцю. Але кампетэнтнаму журы трэба было ацаніць усе тры з лішнім дзясяткі калодзезяў паводле такіх крытэрыяў як якасць, арыгінальнасць і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Адразу было заўважальна, што найбольш выбітнымі і крэатыўнымі падаюцца, не пабаюся сказаць, мастацкія творы Ліскаўскай, Васілевіцкай, Вышамірскай, Заспенскай, Новабарсуцкай, Камсамольскай ды Зашчоб’еўскай школ. Але, падвёўшы ў мінулую пятніцу вынікі конкурсу, першае месца журы аддало калодзезю, вырабленаму Ліскаўскай школай, другое падзялілі Вышамірская і Холмецкая, а трэцяе – Камсамольская і Новабарсуцкая школы. Таксама журы адзначыла калодзезь Заспенскай школы як найбольш арыгінальны.
“Дняпровец” віншуе пераможцаў з поспехам і спадзяецца, што дзеці будуць працягваць ствараць прыгажосць на нашай зямлі.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
"Дняпровец"