Уладзімір Дворнік: “У жывёлагадоўлі Рэчыцкага раёна – стаўка на тэхналогію!” » Речица.BY - Официальный сайт
 
ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ       ru   be   en   de  
Поиск по сайту :
telegram   telegram   telegram   telegram   instagram
 
 
Речица.BY » Новости района » Уладзімір Дворнік: “У жывёлагадоўлі Рэчыцкага раёна – стаўка на тэхналогію!”
Уладзімір Дворнік: “У жывёлагадоўлі Рэчыцкага раёна – стаўка на тэхналогію!”
15 мая 2012

Асноўнай тэмай прадметнай дыскусіі, якую праводзіў кіраўнік вобласці, зрабілася мадэрнізацыя малочнатаварных фермаў ды комплексаў. Яшчэ напрыканцы мінулага года прэзідэнт краіны паставіў задачу мадэрнізацыі жывёлаводчых памяшканняў.

Пры гэтым асноўнай мэтай такой працы павінна стаць не проста наданне знешне прывабнага выгляду старым фермам, а вывад вытворчых збудаванняў на новыя тэхналагічныя магчымасці. Таму і гомельскі губернатар падчас вялікай нарады ў Рэчыцкім раёне практычна не ўжываў слова “рэканструкцыя”. Менавіта мадэрнізацыя, а гэта азначае поўнае перааснашчэнне і пераарыентаванне ўсіх вытворчых працэсаў на дасягненне максімальна магчымага выніку ў атрыманні найвялікшых надояў малака ды прываг, павінна быць бачная ў такой працы.
Удзельнікі семінара, а імі сталі старшыні райвыканкамаў, а таксама начальнікі райсельгасхарчаў усіх раёнаў вобласці, адразу збіраліся ў Каравацічы, каб не губляць час на марныя разважанні аб мройных дасягненнях у высокіх залах ды кабінетах. Менавіта два хлявы МТК “Каравацічы” мясцовага калгаса (СВК) “21 з’езд КПСС” і зрабіліся, паводле сцвярджэння Уладзіміра Дворніка, тымі ўзорамі сапраўднае мадэрнізацыі, якія варта было б пераймаць усім раёнам вобласці.
– Тут мы назіраем, як былы цэх для ўтрымання быкоў рэканструюецца пад цэх па вытворчасці малака, – распавёў з указкай у руках каля стэнду з падрабязным планам таго, што было і што будзе,  старшыня Рэчыцкага райвыканкама Пётр Шостак.
Старшыня раёна падрабязна паказаў на плане, дзе якую сценку знеслі, дзе якую пабудавалі, наколькі панізілі падлогу і дзе будзе хадзіць жывёла на дойку, а дзе на прагулку. Пры гэтым не забыліся і на ўмовы працы жывёлаводаў. Менавіта такое стаўленне да справы і адзначыў губернатар, які вельмі ўдумліва і крытычна ўзважваў усе тэхналагічныя рашэнні рэчыцкіх адмыслоўцаў як належнае.
– Вось бачыце – старшыня райвыканкама сам пранікся неабходнасцю гэтае работы, сам дасканала разабраўся ва ўсёй тэхналогіі, то і справы ў раёне пайшлі, у мяне няма аніякіх пытанняў па такой мадэрнізацыі, – падвёў выснову кіраўнік вобласці, заклікаючы ўсіх прысутных таксама ўнікаць ва ўсе тонкасці сельгасвытворчасці, каб дасягнуць належнага выніку.
Пры гэтым уся будоўля абыходзіцца прыкладна ў 2,5 мільярда рублёў. Гэта адносна невялікая сума, тым больш што грошы выдаткоўвае вобласць. Нашы гаспадаркі ідуць у графіку засваення грашовых рэсурсаў, у той час як некаторыя раёны, паводле сцвярджэння губернатара, яшчэ нават і не ўяўляюць, з якога боку да гэтых старых фермаў падысці.
Кіраўнікі сельгасвытворчасці вобласці ведаюць Уладзіміра Дворніка як чалавека, які актыўна ўкараняў сучасныя дасягненні жывёлагадоўчай навукі на тых участках, якія яму даводзілася ўзначальваць. Ён мае вялікі досвед у гэтай справе. І на рэчыцкім семінары гэта пацвердзілася ў чарговы раз. Губернатар падрабязна разбіраўся, якія ўмовы ствараюцца пры рэканструкцыі і работнікам фермаў, і пагалоўю жывёлы. Сярод разбураных сцен і знятай падлогі ён нібы бачыў, як будуць сябе пачуваць нецелі, якім чынам пройдзе кормараздатчык і нават адкуль будзе дзьмуць вецер, каб у хлявах быў здаровы прахалодны мікраклімат. Але найпершай справай губернатар назваў неабходнасць лічыць грошы. Усяго на правільным падборы рацыёна для жывёлы можна не толькі значна эканоміць, але і важка дадаваць у надоях і прывагах.
Акрамя МТК “Каравацічы” ўдзельнікі семінара¬нарады наведалі і МТФ “Перавалока” суседняга КСУП “Абарона краіны”. Спачатку быў прэзентаваны летні лагер, дзе часова ўтрымліваецца пагалоўе перавалоцкай фермы падчас яе “капрамонту”. Уладзімір Дворнік і тут паказаў і падрабязна расказаў, як утрымліваць жывёлу ў перыяд пераводу яе са стойлавага ўтрымання на пашавае, каб не страціць у надоях малака. І пры гэтым ён актыўна настройваў кіраўнікоў раёнаў і іх намеснікаў па сельгасгаліне ўтрымліваць дойны статак не на пашы, а хаця б у лагерах, са збалансаваным рацыёнам, які не сама карова сабе шукае, а складаюць тыя, хто вывучаў спосабы дасягнення высокіх паказчыкаў у справе атрымання таго ж малака. Менавіта гэта было бачна на прыкладзе лагера каля Перавалокі. А ўжо на ферме, разлічанай на 600 галоў, Уладзімір Дворнік зноў паглыбіўся ў эканамічныя абгрунтаванні, якія рабіў і Пётр Шостак, і першы намеснік старшыні аблвыканкама Аляксандр Баранаў, які курыруе сельгасгаліну вобласці. Губернатар не толькі пагадзіўся з высновамі рэчыцкіх жывёлаводаў, але і параіў кіраўнікам іншых раёнаў арганізаваць для сваіх падначаленых, у чые непасрэдныя абавязкі ўваходзіць арганізацыя сельгасвытворчасці, паездкі да нас за карысным досведам.
Немалаважным у цяперашні перыяд з’яўляецца нарыхтоўка якасных кармоў. Менавіта гэтую тэму закранулі ўдзельнікі семінара, спыніўшы калону аўтобусаў каля лінейкі корманарыхтоўчай тэхнікі, што выстраілася на сенажаці ва ўрочышчы Струеўкі, паміж Перавалокай і Каравацічамі. Проста пад яскравым сонейкам каля камбайнаў і варашылак з прэсамі была прааналізавана падрыхтаванасць тэхнікі да касавіцы, а таксама ўзважаныя якасныя паказчыкі асобных узораў айчыннай корманарыхтоўчай тэхнікі. Сёлета аграрыям вобласці трэба нарыхтаваць больш за 1,2 мільёна тон сенажу і больш за 300 тысяч тон сена. А гэта патрабуе належнага тэхнічнага стану агрэгатаў. На жаль, некаторыя раёны, як адзначылі адмыслоўцы аблсельгасхарчу, і ў гэтай справе разварочваюцца досыць марудна. А тым часам у нарыхтоўцы кармоў, як, зрэшты, і ў любой вясковай справе, захаванне аптымальных тэрмінаў – зарука атрымання якасных і высокакаларыйных кармоў. Пры касавіцы траў у фазе выхаду ў трубку ўтрыманне карысных рэчываў у іх у тры разы вышэй, чым пры іх скошванні падчас калашэння. Такія звесткі агучыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Паўлоўскі, які таксама прысутнічаў на семінары¬нарадзе. Акрамя таго, і губернатар, і кіраўнікі абласных службаў грунтоўна распавялі аб правільнай тэхналогіі нарыхтоўкі сіласу і сенажу, у якой вызначальнай, паводле сцвярджэння Уладзіміра Дворніка, з’яўляецца менавіта якасная трамбоўка зялёнай масы ў сянажных ямах.
Старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік, падводзячы рысу ўбачанаму на малочнатаварных фермах, што зараз знаходзяцца ў стадыі рэканструкцыі, сказаў: “Рэчыцкі раён актыўна ўзяўся за справу не проста нейкага касметычнага рамонту жывёлагадоўчых памяшканняў, тут стаўка робіцца менавіта на адпаведныя тэхналагічныя працэсы”.
А гэта, паводле глыбокага пераканання кіраўніка вобласці, – самае галоўнае, і абавязкова ўжо ў бліжэйшы час прынясе свае вынікі.

Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ

"Дняпровец"


 

 
Адрес:
247500 г.Речица, пл.Октября, 6
Телефон: (+3752340) 3 41 71
Факс: (+3752340) 3 76 46

Республика Беларусь
Официальные документы
Защита прав потребителей
Защита прав потребителей




















Единый день безопасности

Помогут
Помогут
Базар славянский
Базар славянский

Помогут
ПОЛЕЗНЫЕ РЕСУРСЫ