Праводзіны зімы. Свята пад такой назваю прайшло ў мінулую суботу на Цэнтральнай плошчы Рэчыцы. Завадная музыка, смачныя пахі блінцоў з шашлыкамі ды вялікая грамада сяброў-знаёмцаў-землякоў вабілі рэчычан вясновай раніцай на плошчу.
Праграма, у якой бралі ўдзел шматлікія сама-дзейныя і прафесійныя артысты раёна, стварала святочны настрой. Амаль на працягу ўсёй імправізаванай дзеі са сцэны не сыходзіў харавы калектыў народнага ансамбля “Дняпро” Гарадскога палаца культуры. Весялілі гледачоў таксама ансамблі “Грымата” раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра ды “Вяснянка” Азершчынскага сельскага дома культуры, самадзейныя артысты з Глыбаўскага сельскага цэнтра фальклору ды Холмецкага цэнтра культуры і рамёстваў.
Пры гэтым паміж музычнымі нумарамі ўвесь час праводзіліся нейкія конкурсы. Удзельнікі то елі блінцы на хуткасць, то ўзнімалі пудовую гіру, то пілі малако – таксама, дарэчы, навыперадкі. Імправізаваны вясковы падворак прывезлі ў Рэчыцу з Караваціцкага дома народнай творчасці. А загадчыца перасовачнага клуба раённага аддзела культуры Галіна Барысенка падрыхтавала адмысловыя конкурсы для гледачоў на плошчы. Спачатку яна вырашыла замарочыць грамадзе галовы загадкамі. Прычым гэтымі загадкамі павінны былі зрабіцца словы беларускай мовы, кшталту “вочы”, “рэчы”, “цясляр”, якія гледачам прапанавалася перакласці на мову рускую. Варта сказаць, што да гонару рэчычан і насуперак чаканням беларуская мова пакуль не стала для беларусаў загадкаю – усе словы былі адгаданыя, а на сцэну за прызамі ўзнялося аж некалькі найбольш актыўных удзельнікаў, якія і ўзгадвалі адказы раней за іншых, і крычалі грамчэй. А ў наступным конкурсе ўдзельнікам з завязанымі вачыма трэба было вілкамі ўхапіць гаршчочак, які стаяў на бярозавай калодзе. Давялося праявіць спрыт і трапнасць, а прызы не прымусілі сябе чакаць.
Але ж самы галоўны конкурс, без якога ніколі не абыходзіцца свята Масленіцы, – гэта ўздым за прызам на слуп. Гэтым годам ён зноў прывабіў самых дужых і смелых. Прычым іх аказалася досыць шмат. Да верху ж далезлі ажно пяцёра. Каштоўныя ўзнагароды доўга не заляжаліся ў сваіх куфэрках і былі ўрачыста ўручаныя на святочнай сцэне тым, хто дастаў верхавіны слупа.
У конкурсах на трапнасць, настойлівасць і розум можна было паспаборнічаць на пляцоўцы аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. Шахматы, шашкі, дартс і нават “магнітная” рыбалка выяўлялі тых, хто атрымліваў узнагароды.
Вялікая колькасць гандлёвых намётаў, дзе можна было пакаштаваць гарачых блінцоў, духмяных абаранкаў, смачных шашлыкоў і нават наварыстай юшкі (ад КУПШХ “Рэчычанка”) была абсталяваная рознымі гандлёвымі арганізацыямі горада. Традыцыйнай бяспройгрышнай латарэяй парадавала райпо, ля чыёй пляцоўкі важна разгульвалі нават жывыя пакуль гусі. А самы разнастайны асартымент шашлыкоў вабіў сваім водарам ад радоў “Гандальсэрвісу”.
Вось толькі адна нястача напаткала свята. Ані не хацела разгарацца чучала Масленіцы. І хаця, мяркуючы па надвор’і апошніх дзён, яно выжыла і пачало помсціць, але ўсе бачылі, што масленічны атрыбут усё ж паглынула па-летняму гарачае полымя вясёлага агню. І гэта найлепшая зарука таго, што вясна неўзабаве возьме свае правы. Надта ж вясёла і натхнёна рэчычане зіму праводзілі!
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара
"Дняпровец"