ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ       ru   be   en   de  
Поиск по сайту :
telegram   telegram   telegram   telegram   instagram
 
 
Речица.BY » Новости района » Гонар людзям, што працы жыццё прысвяцілі
Гонар людзям, што працы жыццё прысвяцілі
21 июня 2013

Людзі сталага века сядзелі з усмешкамі на вуснах, але са слязьмі ў вачах. Падзея была адначасова і радасная, і ў той жа час выклікала нейкую незразумелую тугу. У зале Баршчоўскага сельскага дома культуры ўшаноўвалі мясцовых ветэранаў.

На тэрыторыі Баршчоўскага сельсавета зараз жыве 14 ветэранаў працы, якія сёлета адзначаюць сямідзесяціпяці- ды васьмідзесяцігадовыя юбілеі. А не так даўно ў Савеце зарадзілася новая традыцыя – правядзенне ўрачыстага ўшаноўвання людзей працы. Ініцыятарам такой імпрэзы выступіла Валянціна Івіцкая.

Валянціна Якаўлеўна не так даўно ўзначаліла ветэранскую арганізацыю Баршчоўскага сельсавета, і гэта адно з першых мерапрыемстваў такога ўзроўню, арганізаванае пад яе непасрэдным кіраўніцтвам. Варта зазначыць, што на заклік аб падтрымцы сваіх ветэранаў, якія доўгія гады адпрацавалі ў мясцовых арганізацыях, адгукнуліся амаль усе прадпрыемствы, што працуюць на тэрыторыі Савета, ды раённыя структуры, чые ветэраны жывуць у наваколлі Баршчоўкі.

На вялікі жаль, з 14 юбіляраў да Дома культуры здолелі дабрацца толькі 8. Тых жа ветэранаў працы, што не змаглі прыехаць у клуб, а гэта былыя даяркі калгаса Еўфрасіння Алейнікава, Ганна Падзамская, Алена Сталярэнка, Марыя Кошалева, а таксама рабочая Яніна Салахутдзінава ды школьная тэхнічка Галіна Кошалева, мясцовы актыў на чале са старшынёй сельвыканкама Людмілай Ефіменка ўшанаваў дома.

Пасля таго, як усіх са святам павіншавала Людміла Барысаўна, кіраўнік кожнай арганізацыі, у тым ліку і раённага ўзроўню, вітаў тых, хто закладаў падмуркі сённяшніх прадпрыемстваў у тыя далёкія гады. Старшыня прафкама аб’яднання “Беларуснафта” і адначасова намеснік старшыні раённай арганізацыі ветэранаў Марк Краўчанка разам са старшынёй прафкама Упраўлення сацыяльнымі аб’ектамі ВА “Беларуснафта” Тамарай Пікус ды старшынёй савета ветэранаў гэтага ж прадпрыемства Галінай Кухаравай уручылі кветкі, удзячныя лісты і падарункі ветэрану УСА Соф’і Васільеўне Калінінай, якая шмат гадоў адпрацавала вартаўніком у санаторыі “Сонечны бераг”. Намеснік начальніка раённага вузла электрасувязі Пётр Калакустаў разам са старшынёй савета ветэранаў вузла Людмілай Паповай павіншавалі былога сувязіста Віктара Іванавіча Акулава. А дырэктар Баршчоўскай сярэдняй школы Аксана Рабянок выказала самыя шчырыя словы ўдзячнасці за працу, а таксама ўручыла ганаровыя граматы ветэранам-педагогам – былой настаўніцы Аляксандраўскай школы Настассі Адамаўне Канавалавай ды былой загадчыцы Баршчоўскага дзіцячага садка Ніне Касьянаўне Сівай. Выконваючы абавязкі ляснічага Баршчоўскага лясніцтва Эдуард Кавальчук шчыра павіншаваў ды зачытаў Прывітальны адрас, падпісаны дырэктарам Рэчыцкага доследнага лясгаса Генадзем Мамусам, на імя былога лесатэхніка Баршчоўскага лясніцтва Фёдара Міхайлавіча Барушкова. А дырэктар КУП “Рэчыцакінавідэасетка” Святлана Грыцок выказала словы падзякі ды віншаванні на адрас Васіля Васільевіча Шаўчэнкі, які з 1960 па 1998 год адпрацаваў кінамеханікам. Былога чыгуначнага рабочага Мікалая Іванавіча Захарава, а таксама Аляксандра Іосіфавіча Плесканосава, які 41 год аддаў працы трактарыстам у саўгасе “Баршчоўка”, віншавала старшыня ветэранскай арганізацыі Баршчоўскага сельсавета Валянціна Івіцкая. Цёплымі словамі вітала ўсіх прысутных прадстаўнік Упраўлення па працы, занятасці ды сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Пілецкая. А настаяцель храма Пачаеўскае іконы Божай Маці айцец Максім распавёў аб тым, што людзі, якія з гонарам пранеслі па жыцці свой працоўны крыж, заўжды вартыя самага высокага гонару. Святар раздаў ветэранам выявы іконы, якая з даўніх часоў дапамагала ўсім працуючым.

А пасля для тых, хто быў на мерапрыемстве, прагучаў святочны канцэрт. Вучні Баршчоўскай школы, а таксама самадзейны ансамбль “Дняпроўскія зоры” з Якімаўскага СДК таньчылі і спявалі вясёлыя ды самотныя песенькі, выклікаючы сапраўдныя авацыі ў зале і слёзы радасці на вачах бабуляў ды дзядуляў, што сядзелі ў атачэнні кветак з падарункамі ў руках.

Гэта ж такі гонар! За пятнаццаць гадоў на пенсіі ніхто нікуды не запрасіў. А тут з ініцыятывы Валянціны Якаўлеўны (Івіцкай – заўвага аўтара) ды старшыні сельсавета – і падарункі, і віншаванні, і кветкі ды яшчэ ў мясцовым клубе, пад усеагульныя воплескі, – падзяліўся са мною расчулены былы работнік саўгаса Аляксандр Плесканосаў, змахваючы набягаючую на вочы слязінку радасці й тугі.

І насамрэч, гэтыя людзі ніколі ў сваім працоўным жыцці не цягнуліся, як той казаў, за “доўгім рублём”. І не ў грошах ды каштоўных падарунках пабачылі яны сэнс і гэтага мерапрыемства, а ва ўвазе людзей да сябе. Для іх гэта і гонар, і самая лепшая ўзнагарода за іх самаадданую шматгадовую працу. А кіраўніцтва мясцовай улады абяцае, што падобныя мерапрыемствы зробяцца адгэтуль у Баршчоўцы традыцыйнымі.

Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара

"Дняпровец"


 

 
Адрес:
247500 г.Речица, пл.Октября, 6
Телефон: (+3752340) 3 41 71
Факс: (+3752340) 3 76 46

Республика Беларусь
Официальные документы
Защита прав потребителей
























Единый день безопасности

Помогут

Помогут
ПОЛЕЗНЫЕ РЕСУРСЫ