ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ       ru   be   en   de  
Поиск по сайту :
telegram   telegram   telegram   telegram   instagram
 
 
Речица.BY » Новости района » “Калi нешта робi ш з ахвотай, поспех абавязкова будзе”
“Калi нешта робi ш з ахвотай, поспех абавязкова будзе”
01 июля 2013

Імя нашай суайчынніцы Наташы Кастрамы-Андрэюк ужо дастаткова вядома ў Беларусі: яна з’яўляецца неаднаразовым удзельнікам і пераможцам конкурсу “Мельница моды”, пераможцам міжнародных конкурсаў “Мамант” (2011), “DзiKaVaTa” (травень 2012), пераможцам конкурсу “New Names Belarus Fashion Week” (лістапад 2012), удзельнікам міжнароднага конкурсу “Habitus Baltija” (Рыга, красавік 2013). І вось зараз зноў прыемная навіна: на міжнародным конкурсе-фестывалі сучаснага і авангарднага мастацтва «Мамант», які праходзіў 15 чэрвеня ў Мінску, Наташа зноў атрымала дыпломы за перамогу ў намінацыях «Нарратив» (арыгінальная прэзентацыя) і «Наваждение» (выкарыстанне арыгінальных ідэй).
А днямі гэтая прыгожая ўсмешлівая дзяўчына завітала да нас у рэдакцыю і распавяла пра міжнародны фестываль “Мамант”, пра сваю пераможную прэзентацыю “Уцякачак”, пра вучаніц-памочніц, якія адначасова з’яўляюцца яе мадэлямі і танцоркамі, а таксама пра свае справы і мары.


Пра фестываль
Міжнародны фестываль-конкурс сучаснага і авангарднага мастацтва “Мамант”, які з кожным годам набывае ўсё больш вагі і ўжо мае даволі высокі ўзровень, у гэтым годзе адбываўся трынаццаты раз. Падчас фестывалю праходзяць конкурс відэа- і бодзі-арта, выставы авангарднага жывапісу і скульптуры, канцэрты і прэзентацыі. У сёлетнім конкурсе авангарднай моды, які праходзіў у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, удзельнічалі дызайнеры з Беларусі і Расіі. Яскравая калекцыя Наталлі Кастрамы-Андрэюк настолькі ўразіла журы, што ёй былі аддадзеныя перамогі адразу ў дзвюх намінацыях. У складзе журы, дарэчы, былі госці з Масквы Вольга Лахіна – галоўны рэдактар часопіса «Кукольный мастер», выканаўчы дырэктар культурнага фонду «Куклы мира», і Ірына Мызіна – фатограф, мецэнат, арганізатар і гаспадыня Лялечнай галерэі «Вахтановъ», адной з самых славутых у свеце лялечных галерэй, якая была заснаваная ў 1997 годзе. Гэтыя досыць вядомыя жанчыны з цікаўнасцю ўспрынялі калекцыю рэчычанкі і яе ідэю прэзентацыі і запрасілі яе і дзяўчынак да ўдзелу ў выставе ў Мінску, а потым, мажліва, і ў выставах у Маскве ды Санкт-Пецярбурзе.

Пра прэзентацыю
…На велізным экране – лялькавод, які торгае за нітачкі марыянетак. А на сцэне – сем дзяўчынак-лялек, якія цалкам падпарадкаваныя волі бяздушнага лялечніка. Марыянеткі хочуць вызваліцца, вырвацца ад яго, але гэта вельмі складана: калі, здаецца, ім застаўся толькі крок да свабоды, лялькавод тузае іх за нітачкі, падцягвае да сябе, і яны зноў залежаць ад яго… Але лялькі зноў і зноў спрабуюць уцячы, і вось марыянеткі з усёй сілы нацягваюць ніткі, і – цуд! – яны нечакана абрываюцца. Марыянеткі падаюць, потым паволі паднімаюцца, і са здзіўленнем і радасцю адчуваюць, што пачынаюць ператварацца ў людзей, што нарэшце вызваліліся ад ненавіснага лялечніка і могуць самастойна рухацца і вырашаць сваё жыццё. Але ў адной лялькі, самай слабай, падчас падзення адарвалася нага, і ўстаць і ператварыцца ў чалавека яна ўжо не здолела…
“Я ніколі спецыяльна не прыдумваю свае калекцыі і іх прэзентацыі, – заўважае Н. Кастрама-Андрэюк. – Як мастакі пішуць карціны? Яны сваё жыццё, свае адчуванні ўвасабляюць у палатно. А я сваё жыццё, свае ўражанні пераношу на подыюм. Так з’явіліся мае “Уцякачкі”. Дарэчы, гэтую прэзентацыю, прафесійную пастаноўку якой і якасць падрыхтоўкі актораў адзначыў рэжысёр мінскага музычнага тэатра, дапамагалі зрабіць такія ж, як і Наталля, апантаныя творчыя людзі – Андрэй Радчанка, артыст Дома культуры і тэхнікі “Нафтавік”, які сыграў злога лялькавода, Юлія Калініна, харэограф Школы мастацтваў, якая дапамагала з пастаноўкай рухаў марыянетак, Юрый Гурскі, які ўсю прэзентацыю зняў на камеру. “Гэтыя творчыя асобы падхопліваюць мае ідэі, натхняюцца імі, ім гэтак жа цікава было ўвасабляць прэзентацыю, як і мне, – кажа Наталля. – Вялікі ім дзякуй за падтрымку”.

Пра вучаніц, мадэлі і акторак
Два гады Наталля працавала ў Цэнтры дзіцячай творчасці, і за гэты час яна і яе Школа моды дамагліся значных поспехаў. Кіраўніца гуртка напісала праграму для сваёй школы моды, якая перамагла спачатку на абласным конкурсе тыповых праграм, а потым займела прызавое месца і на рэспубліканскім конкурсе адукацыйных праграм устаноў дадатковай адукацыі. Зараз паводле гэтай праграмы, якая ўзнагароджана дыпломам І ступені ў намінацыі “Лепшая адукацыйная праграма ў кірунку “Мода і дызайн”, будуць працаваць гурткі моды ў Беларусі. “Калі нешта робіш з ахвотай, поспех заўсёды будзе”, – адзначае Наталля. З 14-цю дзяўчынкамі са сваёй школы моды, якая зараз існуе толькі дэ-факта, яна перамагла ў конкурсе “Мамант” у 2011 годзе з калекцыяй “Фрыдаманія”, прысвечанай творчасці мексіканскай мастачкі Фрыды Калы. Яе вучаніцы выступілі тут як памочніцы ў стварэнні касцюмаў і як мадэлі, дэманструючы іх на подыюме ў Мінску.
На сёлетнім “Маманце” дзяўчынкі ўжо выступілі і як стваральніцы, і як мадэлі, і нават як выканаўцы ролі марыянетак. Юных акторак, а гэта Вольга Бянчук, Ірына Данчанка, Кацярына Дземяшкевіч, Ганна Малашчанка, Дар’я Машэўская, Ганна Рабцава і Кацярына Сарока, вельмі хвалілі масквічкі Вольга Лахіна і Ірына Мызіна. Неглядзячы на тое што сама Наталля заўсёды крытычна ставіцца да тэатральных здольнасцей сваіх вучаніц, спадабаліся менавіта іх харэаграфічная падрыхтоўка, пластычнасць і артыстызм. “У значнай ступені прысу-джаныя намінацыі выйгралі дзяўчынкі, – заўважае рэчыцкая дызайнерка, – бо гэта яны не разгубіліся на вялікай сцэне, гэта яны цудоўна ўсё станчылі і сыгралі, хаця і не маюць прафесійнай харэаграфічнай падрыхтоўкі”.

Пра калекцыі
Усе Наташыны калекцыі, як яна сама адзначае, ствараны з пачуццём гумару. Прыкладам, зрабіць ажурные кароны для калекцыі “Мама дарагая” яе натхніў трыкатаж, які паела моль, а назва калекцыі “Баранеса” – гэта сімбіёз слоў баран ды баранеса. Мэта ж калекцыі-пераможцы – паказаць, што кожная авечка можа стаць баранесай.
Дызайнер Н. Кастрама-Андрэюк працуе ў стылі фолк, але пры гэтым кажа, што спецыяльна не стараецца ствараць касцюмы на народную тэму, так чамусьці заўсёды атрымліваецца. “Калі я пачынаю нешта прыдумваць, абавязкова хочацца ўжыць нейкую вышыўку, пляценне, і неяк самі сабою выходзяць мадэлі ў этнічным кірунку”, – кажа Наталля. І аднойчы рэчычанка вырашыла, што будзе развіваць у сябе гэтую асаблівасць. Зараз на подыюмах яе калекцыі заўсёды можна пазнаць, а дызайнеры краіны адзначаюць наяўнасць уласцівага ёй стылю. “Я люблю ўсё беларускае, назвы маіх калекцый часта на нашай мове, музычнае аздабленне я таксама раблю беларускім, асабліва мне падабаецца гурт “Троіца”. Мне гэта ўсё блізка і зразумела. Вось такі я дызайнер”, – усміхаецца Наташа.

Пра планы і мары
Калі ў размове мы закранулі тэму продажу мадэлей, рэчычанка заўважыла: “Ведаеце, у фільме “Кур’ер” ёсць такі дыялог: “Якая ў цябе мара?” “У мяне мара – купіць зімовае паліто”. “На табе паліто, мар пра што-небудзь глабальнае”. Так і ў мяне: прадаваць мадэлі ці ўпрыгожванні – гэта не мара для мяне”. Запаветные мары нашай госці – прасоўваць свой брэнд “Наташа Кастрама-Андрэюк”, адкрыць творчую майстэрню, гандлёвую сетку сваіх крамаў, а потым выйсці і на еўрапейскія рынкі. А чаму і не? У гэтай упартай усмешлівай дзяўчыны ўсё атрымаецца.
Святлана Трунеўская

Телерадиокомпания "Телевид"


 

 
Адрес:
247500 г.Речица, пл.Октября, 6
Телефон: (+3752340) 3 41 71
Факс: (+3752340) 3 76 46

Республика Беларусь
Официальные документы
Защита прав потребителей
























Единый день безопасности

Помогут

Помогут
ПОЛЕЗНЫЕ РЕСУРСЫ