Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна адно за адным пакрысе завяршаюць уборку каласавых зерневых культур. Днямі фінішаваў у масавай уборцы і КСУП “Дзяржынскі-агра”. У цэлым гаспадарка сёлетнімі вынікамі жніва задаволена – запланаваныя тоны збожжа ўзялі.
Як адзначыў намеснік дырэктара, галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Шчэрбіч, сёлета пад азімымі і яравымі каласавымі культурамі было занята звыш 1 850 гектараў плошчаў. Амаль усе яны ўбраны. Сярэдняя ўраджайнасць склала 31 цэнтнер з гектара. Засталося ўбраць толькі тыя ўчасткі, якія былі засеяны крыху пазней з-за пераўвільготненасці.
Па стане на 14 жніўня, гаспадарка намалаціла 5 960 тон збожжа, і галоўны аграном упэўнены, што запланаваныя 6 000 тон за кошт тых, яшчэ не саспеўшых участкаў сельгаспрадпрыемства возьме.
Дзяржзаказ выкананы на 100% – усе 2 200 тон збожжа здадзены дзяржаве, з якіх 500 тон – азімага рапсу.
– Канешне, ураджайнасць хацелася б каб была лепш. Аднак
з-за працяглай у гэтым годзе зімы азімыя не дадалі таго, што мы чакалі, ды і на яравыя з-за позняй вясны надзеі не было. Усё гэта і ўнесла свае карэктывы ў канчатковую лічбу агульнага намалоту. Свой план мы, безумоўна, выканалі, але ж хацелася б большага, – гаворыць Аляксей Леанідавіч.
На ўборцы, як і заўсёды, былі задзейнічаны лепшыя механізатары. Толькі добрых слоў заслугоўвае добрасумленны камбайнер Барыс Ліпінскі. У гаспадарцы ён з 1980 года і ўвесь час працуе вадзіцелем. Аднак, як толькі пачынаецца жніво – перасаджваецца на камбайн і, дзякуючы сваёй добрасумленнасці, працавітасці і вопыту, заўсёды дасягае лепшых вынікаў па гаспадарцы. Вось і сёлета Барыс Леанідавіч камбайнам КЗС-1218 намалаціў каля 1 280 тон збожжа.
Раўняецца на старэйшае пакаленне і моладзь. Толькі першы год сеў за штурвал камбайна Канстанцін Васілец, але ўжо на добрым рахунку ў кіраўніцтва гаспадаркі. І хаця ў яго не такі вялікі намалот, як у Барыса Ліпінскага, – усяго 695 тон, але ж сваім вынікам задаволены. Лічыць, што яшчэ ўсё наперадзе, і ў наступнае жніво яшчэ задасць перцу старэйшым экіпажам.
Добра пастараліся на адвозцы збожжа Мікалай Кавалёў – на МТЗ-2022 і Аляксандр Мацюшэнка – на аўтамабілі МАЗ-555142. Дарэчы, Аляксандр Прохаравіч адвёз ад камбайнаў на зернеток 1 500 тон збожжа.
Толькі добрых слоў таксама заслугоўвае вадзіцель пажарнай машыны Андрэй Масёраў. Андрэй Сяргеевіч тры гады нясе
штодзённыя дзяжурствы ў полі пад час жніва. Прызнаецца, што за ўвесь час яго працы сур’ёзных сітуацый у полі ў плане пажараў не ўзнікала. Былі, безумоўна, дробныя, такія, як задымленні рамянёў на камбайнах, аднак яны хутка ліквідаваліся, часам нават без тушэння. Сёлетняе жніво таксама прай-шло, ў пажарным плане, спакойна, без надзвычайных сітуацый, хаця і стаяла спякотнае надвор’е.
Для хуткага рэагавання на паломкі камбайнаў у гаспадарцы ў час жніва працавала звяно рамонтнікаў. Ім быў выдзелены трактар МТЗ з прычапным САКам. Аднак механізатары зараней паклапаціліся аб здароўі сваіх караблёў нівы, таму сур’ёзных непрыемнасцяў з тэхнікай не здаралася. Былі толькі дробныя моманты, такія, як замены падшыпнікаў і рамянёў ды невялікія зварачныя работы, якія ажыццяўляліся літаральна імгненна, каб не губляць у прастоях дарагі час.
Задаволены Аляксей Шчэрбіч і работай на зернетаку. Усё збожжа своечасова і якасна ачышчаец-
ца і сушыцца. Асобна Аляксей Леанідавіч вы-дзеліў слесара збожжасушылкі КЗС-В-30 Андрэя Андрэенку. Ён хоць і малады, але да справы адносіцца добрасумленна і адказна, таму і работу выконвае якасна.
Зразумела, што пасля
завяршэння самай гарачай пары для сельгаспрадпрыемства работы не заціхаюць. З дня на дзень тут пачнецца сяўба азімага рапсу. Пад гэту культуру сёлета ў КСУП “Дзяржынскі-агра” адведзена 450 гектараў – 400 на насенне і 50 на корм дойнаму статку.
Рапс – культура няпростая і патрабуе да сябе пэўнай увагі, пачынаючы ад выбару ўчасткаў, падрыхтоўкі глебы і заканчваючы сяўбой. Менавіта таму падрыхтоўка плошчаў у гаспадарцы даручана вопытным механізатарам – на дыскаванні заняты Аляксандр Ганчарэнка, на ворыве на энерганасычаным трактары К-700 шчыруе Павел Верасевіч і ўносіць мінеральныя ўгнаенні Віталь Александронец. Сяўбой гэтай культуры таксама будуць займацца вопытныя земляробы, якія не першы год працуюць з рапсам і ўжо на гэтым, як кажуць, набілі руку – Уладзімір Папоў і Мікалай Кавалёў.
Не за гарамі і ўборка кукурузы. Сёлета гаспадарка плануе закласці ў ямы 12 тысяч тон кукурузнага сіласу і намалаціць 3 000 тон зерня. Плошчаў пад каралеву палёў у гэтым годзе тут выдзелена нямала, так што Аляксей Шчэрбіч упэўнены, што намечанае выканаюць і, можа быць, нават з лішкам.
А там ужо і асенняя пасяўная кампанія пачнецца. Так што адпачываць аграрыям няма калі – зямля чакаць не будзе, а кожны дзень прамаруджвання адаб’ецца потым на фінансавым становішчы гаспадаркі. І тут аб гэтым добра ведаюць.
Дзмітрый БЯЛЬКО
Фота аўтара
"Дняпровец"