15 верасня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі лесу. Мікалай КАСТРАМА – ляснічы Зарэчанскага лясніцтва – па адукацыі таваразнаўца. У Зарэччы ён пачынаў працу ў ваенгандлі, калі пасёлак яшчэ зваўся “Гомель-30”, і тут дыслакавалася вялікая вайсковая частка. Але ў 1996 годзе ён вырашыў паспрабаваць сябе ў іншай сферы дзейнасці – пачаў працаваць памочнікам ляснічага Валадарскага лясніцтва. Яго прыродная пунктуальнасць і адказнасць дапамаглі выдатна звалодаць і з новай працай.
У хуткім часе пасля вываду ракетчыкаў з Зарэчча лясніцтва з Валадарска перанеслі ў больш населены пасёлак, а ў 2000 годзе яго і перайменавалі ў Зарэчанскае.
Лясніцтва Мікалай Іванавіч узначаліў у кастрычніку 2008 года. Варта сказаць, што зона адказнасці ў яго дастаткова вялікая – 11 тысяч 200 гектараў леса – ад Навакраснага да Васількова, ледзь не ад Крынак і амаль да Камсамольска. У калектыве, якім ён кіруе, працуе 38 чалавек. З іх 12 леснікоў, 9 вальшчыкаў лесу і шмат розных іншых работнікаў. Інжынерна-тэхнічны штат складаюць чатыры майстры лесу, памочнік ляснічага і бухгалтар.
Разліковая лесасека Зарэчанскага лясніцтва (а гэта навукова вылічаны, прайшоўшы экалагічную экспертызу і абгрунтаваны памер магчымага да штогадовай высечкі лесафонду) – адна з самых вялікіх у лясгасе. Штомесяц сіламі лясніцтва тут нарыхтоўваюць да 2,2 тысячы кубаметраў драўніны. На плошчах, якія вызваляюцца пасля суцэльных высечак, ствараюцца новыя пасадкі (іх, дарэчы, у гэтым годзе было створана амаль 38 гектараў). Але секчы лес так, каб пасля яго было пустое гала, – не ў правілах зарэчанскіх лесаводаў. Яшчэ на пачатку стагоддзя яны аднымі з першых пачалі ўкараняць так званыя паступовыя высечкі ды высечкі з захаваннем падросту, калі спелая драўніна выбіраецца не адразу на ўсёй плошчы, а паступова, даючы магчымасць узняцца пад шатамі матчынага дрэвастою новым маладым дрэўцам. І толькі там, дзе гэта немагчыма, даводзіцца праводзіць суцэльныя высечкі і садзіць новыя штучныя насаджэнні.
Лес стаў для Мікалая Кастрамы нечым настолькі родным, што некаторыя рэдкія пароды ён нават пасадзіў у цэнтры Зарэчча, каля канторы лясніцтва, стварыўшы дэндрарый, дзе юныя зарэчанцы могуць пабачыць, чым багатая наша флора. Зарэчанскае лясніцтва ў першым паўгоддзі гэтага года стала пераможцам па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў сярод лясніцтваў Гомельскай вобласці. А колькі разоў яно ўзыходзіла на першыя прыступкі першынства па ўсіх паказчыках працы, нават Мікалай Іванавіч на-памяць не ўзгадаў – шмат!
Мы сустрэлі Мікалая Кастраму ў вёсцы Навакраснае, дзе яго рабочыя наводзілі парадак перад надыходзячым 800-гадовым юбілеем Рэчыцы. Хлопцы разабралі старую хату, што стаяла на рагу вуліцы і трасы, ды пабудавалі паўз шашу новенькі плот. Пастаянная сувязь і дапамога мясцовым Саветам у справе добраўпарадкавання – таксама адна з рысаў працы Зарэчанскага лясніцтва. У самім Зарэччы тамтэйшыя лесаводы – пастаянныя памочнікі ў справе добраўпарадкавання.
Дарэчы будзе сказаць, што ў лясгасе працуе пасля заканчэння Гомельскага дзяржуніверсітэта і дачка Мікалая Іванавіча – Таццяна.
А цяпер крыху ад сябе. Прызнаюся шчыра, што з Мікалаем Іванавічам, як і з самой лясніцкай “кухняй” я знаёмы даўно і добра ведаю і яго як чалавека, і тую працу, якую яму даводзіцца выконваць. І заўж-ды крышачку па-добраму яму зайздросціў. Хоць і не з маленства ён да лесу імкнуўся (тут у кожнага свае шляхі), але ж відно, што тут ён сябе знайшоў, тут ён адбыўся і як кіраўнік, і як сапраўды ўлюбёны ў лес чалавек. Чалавек добрай душы і па-дзелавому гаспадарчых падыходаў. І менавіта такія людзі звычайна і працуюць у лесе. Іншым там папросту не ўжыцца!
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
"Дняпровец"