Не здзіўляйцеся – так на самай справе. Аб тым, што ў Рызе існуе беларуская школа, многія суайчыннікі даведаліся са сродкаў масавай інфармацыі, дзе паведамлялі, што Міністэрства адукацыі Беларусі напачатку 2010 навучальнага года адпраўляла ў Рыгу гуманітарны груз са школьнымі падручнікамі, іншымі школьна-пісьмовымі і канцэлярскімі прыналежнасцямі.
А сёлета на асенніх канікулах вучні і настаўнікі рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы (на здымку) наведалі Гомельшчыну, і Рэчыцу ў тым ліку. Мы сустрэліся з гасцямі і паразмаўлялі з дырэктарам установы Г.У. Іванэ:
– Ганна Уладзіславаўна, хто Вашыя вучні па нацыянальнасці?
– У асноўным гэта дзеці этнічных беларусаў ці змешаных сем’яў, накшталт бацька – латыш, маці – украінка ці беларуска і наадварот і г.д., тыя, хто жадае вывучаць беларускую мову і літаратуру, ведаць культуру і гісторыю беларускага народа. Тыя, хто ўмее сябраваць, талерантна адносіцца адзін да аднаго і народа ўвогуле.
Наша школа існуе ўжо 20 гадоў. Яна ўтульная, невялікая напаўняльнасць класаў, што дае магчымасць індывідуальнага падыходу да кожнага дзіцяці. А зараз веданне яшчэ адной мовы за плячыма насіць не трэба.
Гэта яскрава пацвярджае наш прыклад, бо нашыя вучні цудоўна ведаюць ангельскую і латышскую мовы.
Я ў свой час скончыла філалагічны факультэт БДУ. Выйшла замуж за латыша і выехала з краіны, думала, што мне свой дыплом давядзецца пакласці на паліцу, але выйшла наадварот: мова стала не толькі натхненнем, але і хлебам.
– Якая мэта вашай паездкі?
– Гэта традыцыйная асенняя вандроўка па Беларусі. Раней мы аб’ехалі ўсе вобласці Беларусі, акрамя Гомельскай. Мы прывозім сваіх вучняў, латышскіх сяброў і іншых нацыянальнасцей, каб пазнаёміцца з беларускай нацыянальнай культурай, пачуць жывую беларускую мову, але, на жаль, ужываюць тут яе нячаста.
Я ўпэўнена, што ўсе шляхі вядуць не ў Рым, а да зямлі продкаў, да этнічнай сваёй радзімы. Усё адсюль.
– Дзе пабывалі, што паспелі пабачыць?
– Гэтая вандроўка стала магчымай пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Латвіі і асабіста спадара Герасіменкі, які стаяў начале гэтай ідэі і садзейнічаў, каб яна рэалізоўвалася. Гомельскі аблвыканкам курыруе нас, дзякуй за гэта. Мы пабывалі ў СШ № 72 Гомеля, адбыўся цудоўны і незабыўны вечар “Сяброўства без межаў” у гімназіі імя Мележа ў абласным цэнтры, а таксама зрабілі экскурсію ў Мазыр з наведваннем школы і сабора.
Уражанні пра Гомельшчыну самыя цёплыя, светлыя. Вельмі добра, што дзеці Беларусі і Латвіі змогуць сябраваць.
Найлепшыя пажаданні росквіту і дабрабыту вашаму гораду, газеце “Дняпровец” і ўсім жыхарам, каб скрушны Чарнобыль вас больш не датычыўся, каб мір ды спагада жылі ў сем’ях. Беражыце мову. Яна – сэрца народа.
Алена УСКОВА
Фота аўтара
"Дняпровец"