Новы год і Каляды – самыя рамантычныя, таямнічыя і доўгачаканыя святы, тым больш – у дзяцінстве. І пад гэтыя святы ўсім хочацца нечага незвычайнага, цікавага, казачнага. Сапраўдную казку прывезлі напярэдадні Новага года ў Рэчыцкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў, якія маюць фізічныя парушэнні, навучэнцы педагагічнага каледжа разам з прадстаўнікамі раённай арганізацыі БРСМ.
Паводле слоў галоўнага спецыяліста райкама БРСМ Дзмітрыя Томкі, акцыя, якая знайшла сваё лагічнае завяршэнне ў сценах дзіцячай установы ў выкананні будучых педагогаў, распачалася з ініцыятывы райкама БРСМ значна раней, і да яе спрычыніліся навучэнцы ледзь не ўсіх рэчыцкіх школ. Назва ў яе таксама даволі таямнічая – «Дзівосы пад Новы год». Вучні розных навучальных устаноў горада сваім рукамі выраблялі падарункі для дзетак, якія абмежаваныя ў сваіх магчымасцях. А традыцыя праводзіць штогадовую акцыю «Падаруй гасцінец дзецям да Новага году» маецца ў педкаледжы ўжо досыць даўно. Калі раней навучэнцы разам са сваімі выкладчыкамі праводзілі яе ў школах раёна, то зараз вырашана было скіравацца ў сацыяльную ўстанову, дзе жывуць і навучаюцца не зусім звычайныя дзеці, сумясціўшы акцыю БРСМ і сваю традыцыйную. Вынік атрымаўся захапляльны!
Цеснаватае фае дома-інтэрната з густам прыбранае ды ўпрыгожанае, у куту ля вакна стаіць ды паблісквае рознакаляровымі агеньчыкамі прыгажуня-ялінка, а з-пад падковы “на шчасце” пазірае на ўсіх сімвал гэтага года – добры конік. Паступова дзеткі, якія могуць рухацца самі, пачынаюць запаўняць лавачкі ды крэслы, што ўсталяваныя ў гэтай імправізаванай глядацкай залі. Ласкавыя супрацоўніцы інтэрната падвозяць на інвалідных вазках і тых, хто не здольны прыйсці самастойна. У фае чуецца вясёлы гарэзлівы гоман, як і ў любым дзіцячым калектыве.
Прызнаюся, я асабіста раз-пораз адварочваўся да вакна, каб суняць цяжкое пачуццё і сціплую слязу, што чамусьці напаўзала нават на мае мужчынскія вочы. Неяк давялося быць ва ўстанове ўлетку. Тады сюды завіталі са святам супрацоўнікі Дэпартамента аховы разам са сваім службовым сабакам Грандам. Узгадаў, як дзесяцігадовы Адамчык дужа пасябраваў тады з сабакам, ды й чацвёраногі міліцыянер адчуваў шчырасць і дабрыню дзіцячай душы. У Адама, на жаль, адсутнічаюць ручкі, а ножкі зусім маленькія, таму расточкам ён амаль роўны з тым Грандам. Хлопец гуляўся з сабакам, імкнуўся пагладзіць яго, але ж… гладзіў ён яго па спіне галавой, зусім крыху яе нахіляючы. А Гранд лашчыў Адама па абліччу языком. Усмешка шчырае радасці не сыходзіла тады з хлапечых вуснаў. Весела было і тым, хто глядзеў на гульню хлопчыка і сабакі.
Гэтым разам Адам прыйшоў у фае нейкі засмучоны і задуменны. Размерана падышоў да лаўкі і моўчкі сеў. Аб нечым сваім думаў, пазіраючы ў адну кропку…
І вось з дынамікаў загучала музыка. З’явіўся заўсёдны дзеяч любога навагодняга свята – Дзед Мароз са сваёй унучкаю Снягуркаю. А потым высветлілася, што ў нейкім каралеўстве ў караля жыве дачушка, якая ані не мае радасці, ані не ўсміхаецца. Сцэнар вядомы – трэба неяк усцешыць ды развесяліць несмяяну. Новы год усё ж!
І фокусы, і скокі, і песні, і розныя ледзьве не акрабатычныя нумары – чаго толькі не паказвалі, пераўвасобіўшыся ў самыя розныя персанажы, навучэнцы педагагічнага каледжа, і сумнай Прынцэсе, і сведкам дзеі – выхаванцам дому-інтэрната. Дзеткі спачатку, затаіўшы подых, назіралі. Потым уражліва ўздыхвалі. А потым дзякавалі кожнаму артысту шчырымі воплескамі. Урэшце бліскавічка радасці і цікавасці заззяла і ў вачанятах майго старога знаёмца – Адама! Ён быў у дзеі. Ранейшага адцуранага погляду не было і следу! Шчырыя ўсмешкі асвятлялі белакуры тварык хлопчыка. І я ўзрадаваўся. \
Нарэшце, са з’яўленнем высакароднага Прынца і Прынцэса пачала ўсміхацца! Хэпі энд быў бы няпоўны, калі б наперад не выкацілі вялізны прыгожы торт! А ўсім дзеткам пад фінальную песню, якую разам спявалі ўсе ўдзельнікі свята, раздалі сабраныя ў школах горада падарункі. Праўда, для некаторых, асабліва актыўных ды старанных вучняў, яны былі іменныя! Мне было ўсцешна, што сярод спецыяльных прызёраў аказаўся і Адам, які да таго часу на ўсю моц смяяўся разам з суседам па глядацкай лаўцы, забыўшыся на свой сум на пачатку канцэрта. А гэта – найлепшае сведчанне таго, што справа, якую зладзілі будучыя педагогі, удалася, і рабіць яе варта было!
Дзеці падыходзілі ды ціснулі рукі альбо абдымалі сваіх гасцей. Усё ж у тым, каб вонкавы свет трапляў у гэтыя сцены, яны маюць самую непасрэдную патрэбу. І калі такія шчырыя, артыстычныя ды таленавітыя маладзёны прыязджаюць да іх – дзеці сапраўды ўзрадваюцца. Былі ўзнагароджаныя шчырымі падзякамі і хваляванні галоўнага арганізатара свята – кіраўніка танцавальнага гуртка «Аэліта» Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа і культарганізатара ўстановы Анжалікі Сівіцкай. А пазіраючы ў радасныя вочы самадзейных маладых артыстаў з каледжа, падавалася, што і яны атрымалі ад свайго выступу не меншы зарад пазітыву, чым іх гледачы! Дасталіся шчырыя дзіцячыя абдымкі нават і мне. Хоць я і не спяваў нічога, а толькі фатаграфаваў, але ж нейкі ўжо дастаткова дарослы хлапец абняў і мяне, сказаўшы коратка: «Класна выйшла!».
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара
"Дняпровец"