“Всё сразу” – менавіта так завецца крама, якая знаходзіцца ў самым цэнтры аграгарадка. Назва як нельга лепш адлюстроўвае тое, чым багатая гэтая гандлёвая… ледзь не напісаў “кропка”, але ж якая там кропка, там амаль што вялікі гандлёвы комплекс!
Ён складаецца з крамы харчовых тавараў, крамы прамысловых тавараў і невялікай кавярні. Кіруе ж усёй гэтай гаспадаркай загадчыца – Таццяна МАРОЗ.
Калі трапляеш у цэнтр аграгарадка Перасвятое, то першае, на што зважае вока, – гэта менавіта гандлёвае прадпрыемства. Тут заўжды шмат кветак, розныя арыгінальныя архітэктурныя формы, прывабная рэклама ў выглядзе пекнай прадавачкі, якая заклікае наведаць краму. А кіраўнік усяго гэтага – чалец выканкама, таму ў тым, каб вёска выглядала годна, зацікаўленая асабіста. Ды й хоць сама Таццяна Уладзіміраўна з Рэчыцы, але працуючы на радзіме свайго мужа, які родам з Гарывады, ужо больш за два дзесяцігоддзі, яна літаральна душой прыкіпела да гэтых мясцін, імкнучыся дадаць у іх развіццё і ўпрыгожванне як мага больш важкі ўнёсак.
Дарэчы, перасвятоўская крама працуе паводле самых перадавых накірункаў у вясковым гандлі. Вялікая колькасць тавараў, асабліва харчовага асартыменту, завозіцца сюды наўпрост з прадпрыемстваў, дзе іх вырабляюць, мінуючы склады райспажыўтаварыства, што, безумоўна, адбіваецца і на якасці, і на тэрмінах рэалізацыі. Не застаюцца мясцовыя гандляры абыякавымі і да патрэб тых, хто заслужыў да сябе асаблівага стаўлення. Перад вялікімі святамі – 9 Мая і юбілей вызвалення нашай краіны ад фашысцкіх захопнікаў – усім ветэранам, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета, былі сабраныя адмысловыя падарункі.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
"Дняпровец"