Нягледзячы на канікулы і пару адпачынкаў, апантаныя гістарычнай рэканструкцыяй чальцы клуба “Тэра” не пакідаюць свайго захаплення нават у летнюю спёку.
Літаральна напрыканцы ліпеня клуб “Тэра” браў удзел у міжнародным фестывалі сярэднявечнай культуры “Наш Грунвальд”, што адбываўся ў музейным комплексе “Дудуткі” непадалёк ад Мінска. Сюды прыехаў малады склад, так бы мовіць, новае пакаленне рэчыцкіх рыцараў. Але біцца ў рыцарскіх турнірах ім даводзілася з вельмі дасведчанымі ўдзельнікамі рэканструктарскага руху. І хаця нашым маладзёнам не ўдалося перамагчы, але ж сапраўднага рыцара баявыя шнары толькі ўпрыгожваюць, загартоўваюць і надаюць досведу. Гэты этап таксама павінен быць, таму хлопцы ані не засмуціліся.
Але ж у Дудутках нашым рэканструктарам разам з прадстаўнікамі іншых клубаў, што займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй сярэднявечча, удалося паўдзельнічаць у… Грунвальдскай бітве. Так! З сапраўдным змаганнем з Тэўтонскім ордэнам. Нашыя, вядома ж, былі за супольнае войска Вялікага Княства Літоўскага і Польскай Кароны. І ліцвіны з палякамі, як вядома з гісторыі, перамаглі. А над усім нашым войскам ганарыста лунала рэчыцкая двухкасіцавая харугва ў форме “ластаўчынага хваста” са старажытным сімвалам нашага народа і нашага горада – Пагоняй. Вядома ж, у Дудутках была ўсяго толькі рэканструкцыя вялікай гістарычнай бітвы. Але ж рэчыцкія рыцары на той рэканструкцыі выглядалі вельмі нават эфектна.
Самім нашым ваярам за ратнымі справамі не было часу гутарыць з карэспандэнтамі, а вось іхнія дамы сэрцаў Дар’я, Марыя ды Кацярына, якія першы год як у руху гістарычнае рэканструкцыі, не маглі схаваць эмоцый і ўражанняў. Яны распавялі, як заўзелі за сваіх рэчыцкіх хлопцаў, як падносілі ім наўпрост на рысталішча ваду ў гліняных жбаночках і як падтрымлівалі жыццё ля намёту “Тэры” ў лагеры рыцараў. Вядома ж, падобныя імпрэзы, як і такія клубы кшталту “Тэры” – найлепшае садзейнічанне выхаванню патрыятычных пачуццяў у моладзі, веданне багатай гісторыі нашага народа, яго слаўнай мінуўшчыны.
А праз нейкі тыдзень пасля фестывалю ў Дудутках наш клуб выправіўся ў старажытны Мсціслаў, што на Магілёўшчыне. Тут таксама адбываўся міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры. І таксама аднымі з заўважных дзеячоў фэсту сталі рэчыцкія рыцары.
І нарэшце ўжо ў бліжэйшыя выхадныя клуб “Тэра” праводзіць уласны рыцарскі турнір, які многія, хто меў дачыненне да рэканструктарскага руху Рэчыцы, памятаюць пад назваю “Весткон”. Ён пачнецца на беразе возера каля вёскі Сянная, што на супрацьлеглым ад Рэчыцы беразе Дняпра ўжо з раніцы ў пятніцу 15 жніўня.
Тэкст і фота
Андрэя МЯДЗВЕДЗЕВА
www.belta.by