ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ       ru   be   en   de  
Поиск по сайту :
telegram   telegram   telegram   telegram   instagram
 
 
Речица.BY » Новости района » Стваральнікі дабрабыту “Савецкай Беларусі”
Стваральнікі дабрабыту “Савецкай Беларусі”
15 апреля 2015

Філіял “Савецкая Беларусь” адкрытага акцыянернага таварыства “Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў” за некалькі апошніх месяцаў здолеў значна палепшыць свае вытворчыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі, а разам з імі і фінансавае становішча. Напрыклад, пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася на 10% і складае сёння 2 200 галоў. Гэта найвялікшы паказчык у раёне. Адпаведна і колькасць малака, якое атрымлівае і рэалізуе гаспадарка, у абсалютным выражэнні самая вялікая сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна – штодня надойваецца больш за 45 тон, з іх 42,5 тоны прадаецца. Калі ж казаць пра адносныя паказчыкі – надоі і продаж малака на адну карову, то і тут “Савецкая Беларусь” падзяляе першынство ў раёне з калгасам (ВСК) “50 гадоў Кастрычніка”: дояць каля 21 кілаграма на карову, а прадаюць 19,3.

Сённяшні наш расказ пра тых, чыёй самаадданай працай удаецца атрымліваць такія вынікі.

Сцяпанаўскія перадавікі

Малочна-таварны комплекс “Сцяпанаўка” мае найбольшае пагалоўе ў гаспадарцы і, адпаведна, самы вялікі валавы надой. Тут утрымліваецца 446 галоў кароў асноўнага статку, ад якіх мясцовыя працаўнікі атрымліваюць па 215 тон малака ў месяц. Прадаецца адсюль па 197 тон. Пры гэтым за студзень і люты ўсё малако было рэалізавана гатункам “Экстра”, што адразу павялічвае грашовы прыбытак гаспадаркі ад вырабленага карыснага прадукту. А каб дасягнуць такіх вынікаў, на комплексе шчыруюць насамрэч працавітыя і прафесійныя работнікі.

Адзін з іх – Юрый Салата. Між іншым, родам ён не толькі не заспенскі, але і не вясковы. У Заспе ён жыве адносна нядаўна, пераехаўшы з Лісак, куды трапіў па волі лёсу ажно з Пінска. 25 гадоў пражыў ён у сталіцы Палесся, а потым неяк прыехаў у Ліскі ў госці. Там і сустрэў свой лёс – будучую жонку. Ды так у вёсцы і застаўся. Кажа, што спадабалася яму вясковае жыццё, свежае паветра, штодзённыя клопаты пра гаспадарку, родная зямля пад нагамі. А восем гадоў таму сям’і Салата прапанавалі працу ў “Савецкай Беларусі”, добраўпарадкаванае жыллё, сацыяльныя ўмовы. Пагадзіліся. Пераехалі. З адкрыцця МТК “Сцяпанаўка” суджэнцы працавалі тут, праўда, зараз жонка робіць асемянатарам на новым МТК у Адамаўцы. Дзеці-пагодкі ў заспенскай школе вучацца.

Але Юрыя Віктаравіча нам прадставілі як шчырага, адказнага працаўніка з рэдкай для мужчыны прафесіяй – аператар машыннага даення. Прычым давераны яму самы адказны ўчастак працы – раздой першацёлак. Зараз у яго пад наглядам знаходзіцца група ў 58 галоў, а ўвогуле праз ягоныя клапатлівыя рукі прайшлі ўсе дойныя каровы комплексу.

Юрый Салата з Тамарай

Юрый Салата з Тамарай

Калі мы з загадчыцай МТК Марынай Рудэнкай прыйшлі ў даільную залу, дзе якраз заканчваў прыбіранне пасля дзённай дойкі Юрый Салата, ён крыху збянтэжыўся ад нечаканасці, ды мы ніяк не маглі падабраць патрэбны ракурс. Потым я прапанаваў сфатаграфаваць Юрыя Віктаравіча з ягонымі падапечнымі, але ён разгублена прамовіў:

– Дык яны ж пайшлі ўжо. У кашары, напэўна…

Але раптам ажывіўся ды ўпэўнена сцвердзіў:

– А хаця хадземце з Тамарай сфоткаемся!
– Тамара таксама перадавік вытворчасці? – не зразумеў я.
– Не! Тамара – карова. Але ж і перадавік таксама, малака добра дае! – з усмешкаю адказаў даяр.

Мы выйшлі з хлява і падышлі да кашары, дзе статак кароў размерана жаваў сілас.
– Тамара! Тамара! – паклікаў Юрый Віктаравіч.

І тут недзе з сярэдзіны статка выйшла рабенькая кароўка з цікаваю прычоскаю на галаве. Яна падышла да свайго гаспадара і, нібы прывучаная, рахмана стала для фатаграфавання, пазіраючы наўпрост у аб’ектыў. З гонарам за падначаленага за гэтым назірала загадчыца комплексу Марына Рудэнка. Маладая кіраўніца, хоць і працуе на сваёй пасадзе ўсяго год (да таго яна скончыла Рэчыцкі аграрны каледж, атрымала спецыяльнасць заатэхніка і адпрацавала патрэбнае “размеркаванне” ў адной з гаспадарак Петрыкаўскага раёна), але ўжо здолела зрушыць справы да лепшага. У параўнанні з леташнім тут зараз і надоі большыя, і таварнасць малака павялічылася, і прывагі цялят на адкорме з мінулагодніх сярэднясутачных 611 грамаў узраслі да 936 грамаў сёлетняй зімой. Зараз на комплексе “Сцяпанаўка” працуюць з улікам самых найноўшых тэхналагічных парадаў адмыслоўцаў у заатэхніі, таму і вынікі заўважальна паляпшаюцца.

Малочныя рэкі з Гранаўкі

Алена Кошалева і Валянціна Маеўская (злева направа)

Алена Кошалева і Валянціна Маеўская (злева направа)

Ферма, якая знаходзіцца на добрай адлегласці ад цэнтра гаспадаркі, за Дняпром у вёсцы Гранаўка, што некалі ўваходзіла ў склад саўгаса “Баршчоўка”, хоць далёка і не самая вялікая ў філіяле “Савецкая Беларусь”, але ж адна з самых выніковых. Паводле пагалоўя яна на пятым месцы сярод жывёлагадоўчых падраздзяленняў гаспадаркі – зараз тут утрымліваецца 241 галава кароў асноўнага статка, але ж па валаваму надою – на трэцім месцы: за люты тут надоена 188,6 тоны малака, а паводле ўдою на карову ў апошнія сакавіцкія дні – увогуле самы што ні на ёсць лідар: напрыклад, станам на 24 сакавіка тут надаілі па 28,6 кг малака ад кожнай каровы – значна больш, чым на некаторых прасунутых комплексах.

З 2006 года кіруе падраздзяленнем Святлана Вінакурава. І ўжо некалькі апошніх гадоў яе калектыў паказвае адны з найлепшых вынікаў не толькі ў філіяле “Савецкая Беларусь”, але і ў раёне. І ўсё гэта, як запэўнівае Святлана Сцяпанаўна, заслуга работнікаў фермы. Бо тут сфарміравалася адзіная каманда, якая мэтанакіравана працуе на дасягненне выніку. Менавіта ўсе да аднаго работнікі дадаюць свой унёсак у тое, каб атрымаць добрыя надоі, прывагі, прыплод. А калі ёсць значныя вынікі, то і заробкі атрымліваюцца такія, што сёння ў спецыялістаў нават і думкі не ўзнікае шукаць нейкія іншыя месцы працы – рабіць на гранаўскай ферме лічыцца прэстыжным ва ўсім наваколлі.

Святлана Вінакурава кажа, што з задавальненнем пералічыла б у газетным матэрыяле ўвесь калектыў, але я, усё ж, прашу назваць тых, чый унёсак у дасягненне гэткіх годных вынікаў самы важкі. І тут, канешне, немагчыма не назваць тэхніка-асемянатара Галіну Маршкову, ад чыёй адказнай працы залежыць і малако, і падтрыманне ды рост пагалоўя. Таксама загадчыца фермы просіць не прамінуць у газеце аператараў машыннага даення Валянціну Маеўскую, Ірыну Шаўчэнку, Таццяну Куксянкову, Алену Кошалеву – гэтыя жанчыны сапраўды робяць цуд, здабываючы белае золата фермы.

Вольга Парфянцова

Вольга Парфянцова

Дарошчваннем цялят тут заняліся адносна нядаўна. А даручылі гэтую справу аператару па дарошчванні маладняку Вользе Парфянцовай. Літаральна за некалькі тыдняў прывезеныя сюды цяляты набралі вагу і сталі прадметам гонару не толькі гранаўскіх жывёлаводаў, але і дырэктара філіяла “Савецкая Беларусь” Андрэя Карпекі, які, наведваючы не так даўно гранаўскі цялятнік, папросту не паверыў сваім вачам, калі ўбачыў падрослых і дагледжаных цялятак. І заслуга Вольгі Валяр’янаўны ў гэтым самая непасрэдная. За сакавік сярэднясутачныя прывагі на яе групе, а яна сёння даглядае 108 цялят, склалі 850 грамаў. І тут галоўнае – захаванне тэхналогіі адкорму: у рацыёне да 21 дня ад нараджэння – малако, а потым і камбікорм, і грубыя кармы.

***
Мы пазнаёміліся толькі з некаторымі работнікамі гаспадаркі, але, паводле сцвярджэння галоўнага заатэхніка “Савецкай Беларусі” Віктара Сычова, такіх адказных і прафесійных працаўнікоў у гаспадарцы вельмі шмат. І ў тым, што спецыяліст мае рацыю, мы ані не сумняваемся, бо калектыў сапраўды наладжаны на стваральную і выніковую працу, адчуваецца зацікаўленасць у канчатковых выніках з боку ўсіх, з кім давялося гутарыць. І менавіта гэта, напэўна, самае галоўнае ў арганізацыі такога калектыву – калі кожны бачыць вынік ад сваёй працы. Пажадайма жывёлагадоўлі “Савецкай Беларусі” далейшага плённага развіцця і значных вытворчых дасягненняў.

Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара

"Дняпровец"


 

 
Адрес:
247500 г.Речица, пл.Октября, 6
Телефон: (+3752340) 3 41 71
Факс: (+3752340) 3 76 46

Республика Беларусь
Официальные документы
Защита прав потребителей
























Единый день безопасности

Помогут

Помогут
Опрос по изучению мнения населения по вопросу организации нового маршрута в г. Речица

ПОЛЕЗНЫЕ РЕСУРСЫ