З добрай навіны пачаўся Год культуры для супрацоўнікаў Цэнтральнай раённай бібліятэкі. На абласным аглядзе-конкурсе «Бібліятэка, неабходная грамадству» яна выйшла пераможцам і атрымала дыплом II ступені за пошукавую і даследчую працу “Літаратурны гонар Рэчыцкага раёна”.
Рэчыцкая зямля багатая на таленты. Гэта маленькая радзіма выдатных мастакоў Аляксандра Шмідта, Аляксандра Ісачова, Яўгена Шаціхіна; народнага артыста СССР Яфіма Капеляна; таленавітых кампазітараў Генадзя Ермачэнкава, Вячаслава Шарапава; спарт-сменаў Васіля Кірыенкі, Наталлі Марчанка, Сяргея Смаля, Анжэлы Атрошчанка, Радзівона Абрамава. Наша зямля падарыла Расійскай імперыі навукоўца, дыпламата, лінгвіста Іосіфа Гашкевіча. Гэта радзіма гісторыка, этнографа Мітрафана Доўнара-Запольскага, вучонага-геолага Міхайлы Грамыкі, скульптара Эдуарда Агуновіча.
Літаратурная спадчына Рэчыцкага раёна арганічна ўпісваецца ў гісторыю беларускай літаратуры. І гэта тым больш цікава, бо славутыя імёны нашых землякоў даўно ўваходзяць у яе залаты фонд. Сярод іх: Іван Навуменка, Уладзімір Ліпскі, Віктар Ярац, Валянціна Коўтун, Анатоль Сыс, Анэля Тулупава, Аркадзь Пінчук, Уладзімір Верамейчык.
Гордасцю краязнаўчага фонду бібліятэкі з’яўляюцца кнігі з аўтографамі і дароўнымі надпісамі аўтараў, рукапісы, фотаздымкі, дакументы. У выніку пошукавай работы, сустрэч з пісьменнікамі, перапіскі з імі, размоў з іх роднымі быў сабраны багаты матэрыял. Як вынік – найбольш змястоўнае напаўненне матэрыяламі літаратурнага раздзела краязнаўчага цэнтра “Рэчыца і раён”. З густам аформлены стэнд “Дай сілы, родны кут” з фотаздымкамі пісьменнікаў-землякоў, створана карта-схема раёна з адзна-камі мясцін, дзе нарадзіліся пісьменнікі. Пры ўваходзе ў чытальную залу аформлена галерэя “Літаратурны гонар раёна”, у якой налічваецца 12 партрэтаў пісьменнікаў-землякоў.
Каштоўным дапаўненнем да кніжнага фонду з’яўляюцца альбомы “Літаратурнае жыццё Рэчыцкага раёна”, якія вядуцца ў бібліятэцы з 1952 года і ўтрымліваюць матэрыялы з перыядычных выданняў. Калекцыя налічвае 15 асобнікаў. Гартаючы іх, наведвальнік можа ўявіць карціну літаратурнага жыцця за пэўны гістарычны адрэзак часу. Тут і першыя спробы пяра Уладзіміра Верамейчыка, Анатоля Караленкі, Уладзіміра Ліпскага, Анатоля Сыса, Віктара Ярца. Прыцягваюць увагу чытачоў дзевяць унікальных альбомаў з фотаздымкамі, аўтографамі, рукапісамі, перададзенымі на захаванне пісьменнікамі ці іх роднымі.
Значная колькасць края-знаўчых матэрыялаў у выглядзе артыкулаў змешчана ў перыядычным друку, таму бібліятэкары штодзённа аналізуюць рэспубліканскія, абласныя і мясцовыя сродкі друку, папаўняюць бібліяграфічнымі апісаннямі артыкулаў краязнаўчую картатэку, якая, дарэчы, вядзецца з 1950 года. Адзін з самых змястоўных яе раздзелаў – “Літаратурнае жыццё” – з максімальна вычарпальнай паўнатой адлюстроўвае літаратурнае краязнаўства. У раздзеле кожнаму пісьменніку прысвечана асобная рубрыка, дзе змешчаны бібліяграфічныя апісанні твораў і матэрыялаў аб жыцці і творчасці. Краязнаўчая картатэка артыкулаў вядзецца і ў электронным варыянце. Створана аўтаматызаваная база данных “Спадчына Рэчыцкага раёна”, дзе сабраны фактаграфічныя і бібліяграфічныя звесткі аб пісьменніках-земляках.
Супрацоўнікі бібліятэкі імкнуцца забяспечыць паўнату дакументаў, якія маюць дачыненне да творчасці кожнага пісьменніка-земляка. Дзеля гэтага яны выкарыстоўваюць розныя каналы і крыніцы: пастаянна працуюць з бібліяграфічнымі інфармацыйнымі выданнямі, уважліва прачытваюць перыёдыку, вядуць рэтраспектыўны пошук беларускай літаратуры. Па кожнаму пісьменніку аформлены краязнаўчыя полкі, дзе размешчаны кнігі, рукапісы і іншыя матэрыялы.
Таму так высока ацэнена пошукавая дзейнасць Рэчыцкай раённай бібліятэкі па папулярызацыі творчасці пісьменнікаў-землякоў. Бібліятэкары не прыпыняюцца на дасягнутым, таму што яны адчуваюць адказназць за стан культурнай, літаратурнай і гістарычнай спадчыны, жадаюць унесці свой асабісты ўклад у павышэнне прэстыжу роднага слова. Кожны з нас любіць Беларусь, і трэба не толькі любіць Бацькаўшчыну, але і працаваць на карысць яе дабрабыту.
"Дняпровец"