ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ       ru   be   en   de  
Поиск по сайту :
telegram   telegram   telegram   telegram   instagram
 
 
Речица.BY » Новости района » Прадстаўнікі Рэчыцы на Дне беларускага пісьменства ў Рагачове дадалі ў правядзенне свята важкі ўнёсак
Прадстаўнікі Рэчыцы на Дне беларускага пісьменства ў Рагачове дадалі ў правядзенне свята важкі ўнёсак
05 сентября 2016

У нашай краіне добрай традыцыяй стала святкаванне Дня беларускага пісьменства як свята кнігі, адукацыі і культуры. З 1994 года свята праводзілася ў 19 гарадах, двойчы яго прымалі старажытныя Полацк, Тураў і Заслаўе. Сёлета ж Дзень беларускага пісьменства адзначаўся на Гомельшчыне. Яго сталіцай стаў Рагачоў – горад, звязаны з лёсамі цэлай пляяды вядомых беларускіх літаратараў. Не абыйшлося свята і без удзелу рэчычан.

Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства праходзіла на цэнтральнай плошчы Рагачова і пачалося з тэатралізаванага шэсця рыцарскага рушання ў сярэднявечных строях, на чале якога былі тры вершнікі на конях, у тым ліку адзін прадстаўнік (а калі дакладней, то пад латамі, як мне здалося, была прадстаўніца) так званых «лятучых гусар» – лёгкай кавалерыі, якая з’яўлялася найбольш эфектыўнай часткай войска Вялікага Княства Літоўскага – сярэднявечнай дзяржавы беларусаў.

Перыяд сярэднявечча нездарма быў выбраны для пачатку адкрыцця Дня беларускага пісьменства. Менавіта ён стаў часам росквіту пісьменства на старабеларускай мове, калі па-нашаму былі створаны знакамітыя літаратурныя творы, быў напісаны вядомы Статут ВКЛ, вялося справаводства ў дзяржаве.

Дарэчы, варта зазначыць, што адным з рэжысёраў гэтай часткі свята быў былы выпускнік Рэчыцкага раённага ліцэя, а цяпер і выпускнік кафедры рэжысуры народных абрадаў і святаў беларускага ўніверсітэта культуры Іван Давыдзенка, якога многія рэчычане памятаюць па ўдзелу ў шматлікіх гарадскіх святах.

Афіцыйна мерапрыемства адкрылі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі, старшыня нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства Наталля Качанава, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, старшыня Рагачоўскага райвыканкама Сяргей Дзенісенка і епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Пры гэтым Наталля Іванаўна зачытала вітальны адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён пажадаў усім удзельнікам свята творчага натхнення, дабрабыту і поспеху ва ўсіх справах.

«Гомельская зямля багатая на таленты, – адзначыў у сваім выступленні Уладзімір Дворнік. – Тут нарадзіліся чатыры народныя пісьменнікі Беларусі: Андрэй Макаёнак і тры Іваны – Іван Навуменка, Іван Шамякін ды Іван Мележ».

Варта сказаць, што на сцэне была ўсталяваная адмысловая кніжная палічка, на якую ўсе госці свята мусілі паставіць найбольш упадабаную імі кнігу. Пазней гэтыя кнігі былі перададзеныя ў адчынены падчас свята ў Рагачове Дом кнігі. Наталля Качанава падарыла Рагачову кнігу пра сваю малую радзіму – горад Полацк, Уладзімір Дворнік паставіў на сімвалічную палічку Летапіс Гомельшчыны, епіскап Стэфан прыпаднёс каштоўнае выданне Бібліі. Пасля ўрачыстага адкрыцця свята адбылася цырымонія ўручэння нацыянальных прэміяў у галіне літаратуры, у якой бралі ўдзел Міністр інфармацыі Лілія Ананіч, Міністр культуры Барыс Святлоў, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, старшыня саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

У святочным канцэрце на ўрачыстым адкрыцці свята ўзялі ўдзел такія вядомыя выканаўцы і калектывы, як Анатоль Ярмоленка, ансамблі «Песняры», «Харошкі», «Чысты голас», «Наві», пераможца конкурсу маладых выканаўцаў сёлетняга фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» Аляксей Грос і шмат хто іншы.

А на прыгожых, адноўленых вуліцах Рагачова адбываліся святочныя гулянні. Тут працавалі шматлікія гандлёвыя пляцоўкі, дзе можна было смачна падсілкавацца разнастайнымі беларускімі стравамі ад лепшых кухараў Гомельшчыны, набыць неабходныя рэчы альбо сувеніры.

Цікавым стаў фестываль кнігі і прэсы, на якім госці Дня беларускага пісьменства змаглі азнаёміцца з навінкамі беларускіх выдавецтваў, паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах і віктарынах і нават надрукаваць на адноўленым старажытным друкарскім станку свае асабістыя аркушы сярэдневечных выданняў.

На працягу ўсяго дня дзейнічала дзіцячая сцэна, на якой выступалі юныя артысты. І праз усе выступленні гучаў асноўны лейтматыў свята – вялікая пашана да нашай мовы і нашай краіны – Беларусі.

Падворкі розных раёнаў прадстаўлялі супрацоўнікі бібліятэчных устаноў. Рэчыцкая цэнтральная раённая бібліятэка прадставіла герояў кніг нашага вядомага земляка – пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. Гумарныя і дасціпныя аўцюкоўцы ў выкананні супрацоўнікаў Бронненскай, Салтаноўскай і Азершчынскай бібліятэк на працягу ўсяго святочнага дня былі адным з цэнтраў прыцягнення наведвальнікаў: каля рэчыцкага падворка і танчылі, і падпявалі, і фатаграфаваліся з героямі і, канешне ж, не маглі не паспытаць цікавых страваў, такіх ак «адбіўныя падэшвы», «бабіны ляхі», альбо «рэчыцкая краля». Вельмі эмацыйна рэагавалі госці і на «гібрыд» персіка і дыні, вынайдзены ў Салтанове і названы «пердыня».

У горадзе майстроў можна было пабачыць самыя разнастайныя вырабы беларускіх рамеснікаў. Была тут і экспазіцыя Рэчыцкага раённага цэнтра рамёстваў, якім кіруе Юлія Крагель. Вытанчаныя кветкі, вазы, куфэркі з саломы прыцягвалі ўвагу шматлікіх гасцей фестывалю.

Працаваў на свяце беларускага пісьменства і адмысловы «Газетны бульвар», дзе ў гістарычнай рэтраспектыве свайго існавання сябе прадстаўлялі раённыя газеты Гомельшчыны. Экспазіцыя «Дняпроўца» шмат каго здзівіла сваім нафтавым складнікам. Як аказалася, многія нават не ведалі, што ў Беларусі ёсць нафта, а ў Рэчыцы размешчаныя асноўныя прадпрыемствы нафтаздабываючага комплекса нашай краіны. Менавіта гэтым і тлумачыцца выбар эксклюзіўнай тэмы нашай экспазіцыі.

Дзень беларускага пісьменства стаў вялікім унёскам ва ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, у адчуванне патрыятызму і гонару за сваю краіну, нашу мову, што мае багатую і слаўную гісторыю.

PS. Рэдакцыя газеты «Дняпровец» выказвае вялікую падзяку кіраўніцтву НГЗУ «Рэчыцанафта» – начальніку Сяргею Сцельмашку і намесніку начальніка па агульным пытанням Барысу Мінееву – за прадстаўленыя экспанаты, якія былі выкарыстаны для афармлення стылізаванай экспазіцыі падчас правядзення Дня пісьменства ў Рагачове.




"Дняпровец"


 (голосов: 0)
 

 
Адрес:
247500 г.Речица, пл.Октября, 6
Телефон: (+3752340) 3 41 71
Факс: (+3752340) 3 76 46

Республика Беларусь
Официальные документы
Защита прав потребителей
























Единый день безопасности

Помогут

Помогут
Опрос по изучению мнения населения по вопросу организации нового маршрута в г. Речица

ПОЛЕЗНЫЕ РЕСУРСЫ