ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ       ru   be   en   de  
Поиск по сайту :
telegram   telegram   telegram   telegram   instagram
 
 
Речица.BY » Новости района » Cпартыўнае мерапрыемства пад назвай “Айчына, здароўе, спорт” у Ровенскай Слабадзе
Cпартыўнае мерапрыемства пад назвай “Айчына, здароўе, спорт” у Ровенскай Слабадзе
17 февраля 2010
alt Сапраўды, Ровенская Слабада, паклікаўшы гасцей з Рэчыцы, сабралася на спартыўнае мерапрыемства пад назвай “Айчына, здароўе, спорт”. А госці – супрацоўнікі Рэчыцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь ды рэчыцкія школьнікі, якія пры згаданым вышэй аддзеле маюць спартыўнае аб’яднанне “Скіф”.

…Свята распачалося гадзін у 11 раніцы. Як не ў цэнтры Слабады.

Вушы і шчокі кусаў мароз. Яму дапамагаў пранізлівы злодзей-вецер. Даводзілася шкадаваць, што на галаве няма вушанкі, каб яшчэ дый падвязаць пад падбародкам...

Калыхаўся людскі натоўп у некалькі соцен удзельнікаў свята, над якім несліся песні галоўнага артыста Ровенскай Слабады Сяргея Мацюшэнкі. Шмат хто кіраваў туды, дзе гарэла полымя. Сярод якога – казан з курыным варывам. То можна было, не заплаціўшы і капейкі, пасёрбаць булёну ды з’есці (гэтаксама на дурніцу) блін ці нават два.

– Свята пачынаецца, – аб’явіла Наталля Уладзіміраўна Мароз. Яна – настаўніца геаграфіі Ровенскаслабадской школы, а сёння  – дык і вядучая спартыўнага мерапрыемства.

Слова кажуць дэпутат Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў і старшыня Ровенскаслабадскога выканкама Тамара Рыгораўна Лепяшко, начальнік Рэчыцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ падпалкоўнік міліцыі Ігар Анатольевіч Каршакоў, дырэктар Ровенскаслабадской школы Аляксандр Васільевіч Кавалевіч.

Супрацоўнік аддзела аховы Дзяніс Анатольевіч Пражывальскі паказвае работу кінолага. Словам, а то і ўзмахам рукі прымушаючы аўчарку Дзіка выканаць усё да нітачкі. Вядома ж, што загадае ён, міліцыянер.

Прадстаўляюць журы. Яго ўзначальвае Аксана Мікалаеўна Клімянок (галоўны ўрач Ровенскаслабадской амбулаторыі). Члены журы – Галіна Аляксееўна Пішчык (спецыяліст групы кадраў аддзела аховы), Андрэй Іванавіч Каваленка (участковы інспектар), Віктар Фёдаравіч Мацюшэнка (выкладчык матэматыкі).

…Біятлон – спартыўная дысцыпліна, у якой належала высветліць: дык хто ж хутчэйшы на лыжнай трасе і больш спрытны ў стральбе. Каманды тры: Ровенскаслабадская школа, працаўнікі КСУПа, супрацоўнікі аддзела Дэпартамента аховы.

Першым на лыжню выправіўся дырэктар школы А.В. Кавалевіч. За ім пагнаўся дырэктар КСУПа В.В. Любінскі. Ну а потым – падпалкоўнік І.А. Каршакоў.

І бачылі б вы, удзячныя чытачы, колькі запалу аддалі паважаныя кіраўнікі-дзядзькі, каб да перадачы эстафеты прыйсці як мага хутчэй. Вось толькі спартыўнае шчасцейка было ў суполцы з А.В. Кавалевічам. А калі вось так у дырэктара школы, дык што казаць пра хлопцаў-школьнікаў. Яны свайго не ўпусцілі. І першае месца нікому не аддалі.

– І трэба ж,– казаў В.В. Любінскі, – маглі б мы быць другімі…

Гэтак Вячаслаў Віктаравіч шкадаваў, што асабіста ён эстафету перадаваў адразу ж за А.В. Кавалевічам, а КСУПаўцы астатнія (трое) апынуліся ўрэшце рэшт толькі трэцімі.

…Пасля біятлона свята перамясцілася ў спартыўную залу Ровенскаслабадской школы. А каб патрапіць туды, трэба прайсці каля дэкаратыўна-прыкладной выставы “Мелодыі ўзору”.

Гэта разьба па дрэву. Майстры – школьнікі. Мастацкі кіраўнік – Мяфодзій Ульянавіч Швед. Ды дарэмна прозвішча гэтага чалавека шукаць у тарыфікацыйным спісе ровенска-            слабадскіх настаўнікаў. Бо Ульянавіч, як мне сказалі, – правая рука мясцовага святара. Мала што стараецца ў Святаміхайлаўскай царкве, дык сабраў вакол сябе мясцовых школьнікаў. Навучыў разьбе па дрэву, што ажно вочы разбягаюцца. Бо зробленае рукамі дзевяцікласніц Валерыі і Вікторыі Лашук, Марыны Ціхановіч (8 клас), Таццяны Патарочы – цуд найсапраўдны.

Нарэшце, ужо ў зале, эстафета. Каманды дзве – аддзела Дэпартамента аховы ды Ровенскаслабадскога сельскага Савета.

І што толькі не вытваралі эстафетчыкі! Стараліся дабегчы да мэты, трымаючы ў руцэ лыжку з тэнісным шарыкам, піхалі перад сабою надзіманы шарык…

Быў і вялікі мяч. Ды яшчэ з соскамі, бы ў каровы-рэкардысткі.

“Во гэта тое, што і трэба б мне”, – зарадаваўся я. Бо на гэты мячык можна сесці зверху, ухапіўшыся за соскі. А  размаляваная гума будзе падскокваць ад кожнага вашага штуршка. Самага лёгенькага.

Праўда, не мінулася й хвіліны, як расхацелася хапацца за тыя соскі, бо надуванка, ліха яе, можа, хто б падумаў, і брыкацца. Ды так, што той-сёй нават з маладых ляцеў з яе дагары нагамі. Ратуючы лоб. А потым, не мацаючы гузака, зноўку бег-скакаў, каб перадаць эстафету наступнаму члену каманды…

І што ж? Эстафета засталася за камандай сельсавецкай. То, выходзіць, па ачках яна ўперадзе.

Пакуль каманды перадыхнулі, у рукапашнай не на жарт схапіліся хлапцы клуба “Скіф”.

Новы конкурс: “Група, на выезд!” І зноўку высвятленне: хто хутчэйшы і хто спрытнейшы. У надзяванні бронекамізэлькі, у зборцы ды разборцы аўтамата.

Вось тут і стала зразумелым: колькі ровенска-слабаджанам не ўпарціцца, але бронекамізэлькі і аўтаматы – гэта рэчыцкае. То каманда аддзела Дэпартамента аховы будзе першай. І не інакш.

А калі так, то рахунак, паглядзі-ка, ужо нічыйны.

…Паказалі майстэрства і члены рэчыцкага клуба “Тэра”, якія маюць справу са старажытнымі баявымі атрыбутамі-даспехамі. Пакуль спяваліся песні і стараліся дзяўчаткі з групы падтрымкі, была расцягнута валейбольная сетка. Бо менавіта валейбол і павінен быў стаць апошняй кропкай у вызначэнні лепшае каманды.

Так, то было відовішча, вартае сапраўдных мужчын. І, дарэчы, абедзьве каманды “ваявалі” з такім імпэтам, што  кампрамісу не было й на каліва. Не кажучы пра якую  саступку-паддаўку.

Ужо згуляліся чатыры партыі. Лік нічыйны – 2:2.

А судзейская брыгада тут як тут. Падказвае, дык нічыя ж і агульная. Калі браць з біятлонам ды нядаўнімі эстафетамі. То выходзіць, трэба партыя яшчэ…

А яе якраз і не было. Згадзіліся і ровенскаслаба-
джане, і міліцыя рэчыцкая: на тым супынімся, няхай будзе нічыя. Няхай будзе перамога кожнае каманды…

…Ну, а цяпер апошняе. Спартыўнае свята “Айчына, здароўе, спорт” было што трэба. То адзнаку, самую высокую, варта падштурхнуць да рахунка старшыні Ровенскаслабадскога сельскага Савета Т.Р. Лепяшко, дырэктара Ровенскаслабадской школы А.В. Кавалевіча, дырэктара КСУП “Дзяржынскі-агра” В.В. Любінскага, начальніка Рэчыцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ падпалкоўніка міліцыі І.А. Каршакова. Моцную школьна-савецкую пяцёрку варта намаляваць і спецыялісту першай катэгорыі аховы працы і тэхнікі бяспекі аддзела Дэпартамента аховы А.А. Пашынскай. Бо Алена Аляксандраўна – лідэр найсапраўдны. А яшчэ – спартыўная душа сваёй каманды!

"Дняпровец"


 

 
Адрес:
247500 г.Речица, пл.Октября, 6
Телефон: (+3752340) 3 41 71
Факс: (+3752340) 3 76 46

Республика Беларусь
Официальные документы
Защита прав потребителей
























Единый день безопасности

Помогут

Помогут
Опрос по изучению мнения населения по вопросу организации нового маршрута в г. Речица

ПОЛЕЗНЫЕ РЕСУРСЫ