Апусцелыя пасля лета палеткі чакаюць новае зерне. Восень – час сяўбы азімых збожжавых. І гэтая праца актыўна вядзецца ў сельгаспрадпрыемствах.
На большай частцы тэрыторыі раёна належных дажджоў не было ўжо амаль тры месяцы. Пасеяныя зярняты кладуцца ў сухі пясок, практычна ў пыл.
– Ужо амаль месяц, як пасеялі на гэтым полі азімы трыцікале, а рунь так і не з’явілася, – роспачна кажа галоўны аграном КСУП «Фрунзэ-Агра» Аляксандр Судаленка, ідучы па палетку, дзе з-пад падэшваў, нібы на папялішчы, узнімаецца слуп пылу. – Такое надвор’е, канешне, затрымлівае восеньскую сяўбу. Усё спадзяемся дачакацца сапраўды восеньскага надвор’я, перачакаць гэтую сушу. Бо пасеенае насенне ляжыць у глебе і нават не спрабуе прарастаць. А расліна ж да зімы павінна прайсці пэўныя стадыі ў сваім развіцці, каб увесну пачаць рост і фармаванне коласа.
Паводле словаў спецыяліста, станам на 21 верасня ў гаспадарцы пасеяна 615 гектараў азімых збожжавых, у тым ліку 400 гектараў азімай пшаніцы і 215 – трыцікале. Акрамя таго, на 527 гектарах высеяны азімы рапс. Гэтая культура таксама не пачынае свайго развіцця з-за дашчэнту высушанай глебы.