Імя нашай суайчынніцы Наташы Кастрамы-Андрэюк ужо дастаткова вядома ў Беларусі: яна з’яўляецца неаднаразовым удзельнікам і пераможцам конкурсу “Мельница моды”, пераможцам міжнародных конкурсаў “Мамант” (2011), “DзiKaVaTa” (травень 2012), пераможцам конкурсу “New Names Belarus Fashion Week” (лістапад 2012), удзельнікам міжнароднага конкурсу “Habitus Baltija” (Рыга, красавік 2013). І вось зараз зноў прыемная навіна: на міжнародным конкурсе-фестывалі сучаснага і авангарднага мастацтва «Мамант», які праходзіў 15 чэрвеня ў Мінску, Наташа зноў атрымала дыпломы за перамогу ў намінацыях «Нарратив» (арыгінальная прэзентацыя) і «Наваждение» (выкарыстанне арыгінальных ідэй).
А днямі гэтая прыгожая ўсмешлівая дзяўчына завітала да нас у рэдакцыю і распавяла пра міжнародны фестываль “Мамант”, пра сваю пераможную прэзентацыю “Уцякачак”, пра вучаніц-памочніц, якія адначасова з’яўляюцца яе мадэлямі і танцоркамі, а таксама пра свае справы і мары.