Горад Васілевічы, што на ўсходнім ускрайку нашага раёна, мае шэраг сваіх адметнасцяў. Найперш тое, што гэта адзіны населены пункт у раёне, акрамя, вядома ж, Рэчыцы, са статусам горада. А такі статус накладае і свае асаблівасці на працу ўсёй сістэмы гарадской улады. Не толькі мясцовыя жыхары, але і госці Васілевіч, нават тыя, хто бывае ў гарадку досыць рэдка, так бы мовіць, наездамі, заўважылі апошнім часам вялікія зрухі і ў справе добраўпарадкавання горада, і ў іншых напрамках дзейнасці. Аб тым, чым жыве, якімі праблемамі заклапочаны і якія шляхі іх вырашэння знаходзіць мясцовы гарвыканкам, мы разважалі з яго старшынёй Наталляй БРЭЛЬ.
Занятасць – шлях вырашэння многіх пытанняў
Адной з вялікіх праблем Васілевіч з’яўляецца беспрацоўе. Але не адсутнасць працоўных месцаў асноўная прычына яго наяўнасці ў горадзе, а нежаданне пэўных колаў насельніцтва працаваць у прынцыпе. І ўсё б было нядрэнна (зрэшты – сёння ніхто не мае права некага прымушаць працаваць), калі б такое становішча спраў не нараджала шэраг іншых выбягаючых праблем. А яны досыць складаныя. Гэта перш¬наперш правапарушэнні – людзі, не занятыя на працы, шукаюць, як ім бавіць час, і найчасцей выбар падае на пляшку і чарку. З усімі адпаведнымі наступствамі – сямейныя сваркі, крадзяжы, бойкі… Як жа перамагчы хранічнае гультайства некаторых жыхароў? Аб шляхах
пераадолення праблемы я і запытаўся ў Наталлі Валянцінаўны.
– Варта сказаць, што мы менавіта ад гэтае “печкі” і пачалі вырашаць вялізны пласт пытанняў. Менавіта калі мы ўзялі на ўлік усіх нашых беспрацоўных, выкрыліся іншыя праблемы, а шмат з іх ужо і вырашыліся, – распачала свой расповяд кіраўнік мясцовае адміністрацыі. – Усё ж, калі чалавек “пры справе”, то, мне здаецца, і мазгі ў яго інакш, больш стваральна, мусіць, працуюць. Таму такая рэч як кірмаш вакансій, што ладзім мы ў Васілевічах сумесна з раённым упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, дае свой плён. Часам даводзіцца і мне непасрэдна звяртацца да кіраўнікоў арганізацый горада, каб уладкаваць на працу таго, у кім упэўненая, што будзе працаваць. Некаторых даводзіцца і прымушаць. Але фактам ёсць тое, што з больш як 70 чалавек, што знаходзіліся ў нашым спісе непрацуючых, засталося 25.
Дарэчы, шмат каго Наталля Валянцінаўна прымае на працу і сама. У адмысловыя брыгады, што наводзяць парадак на вуліцах Васілевіч, а таксама сельскіх населеных пунктаў, што падпарадкоўваюцца Васілевіцкаму гарсавету – Ведрыча, Рассвета і Закрошанскага Моху. Такім чынам мы з Наталляй Брэль плаўна перайшлі да абмеркавання такой надзённай тэмы ў працы любога органа мясцовай улады як добраўпарадкаванне населеных пунктаў, адзначыўшы для сябе відавочную повязь абодвух пытанняў.
Прыгажосць сваімі рукамі
Зараз на тэрыторыі Савета працуюць 5 брыгад па зносе старога жылля. Толькі за першы квартал 2012 года імі было знесена 14 спарахнелых хат, якія не толькі псавалі вонкавы выгляд васілевіцкіх вуліц, але і стваралі самую непасрэдную небяспеку для жыхароў. Акрамя зносу дамоў такія сельсавецкія брыгады займаюцца і высечкай дзікіх зараснікаў на пустках, якія дзенідзе ў Васілевічах і прылеглых вёсках ужо нагадвалі сапраўдныя джунглі. Пасля высечкі хмызняку гэтыя тэрыторыі альбо далучаюцца да сельгаспалёў, альбо робяцца ўпрыгожваннем населеных пунктаў. Літаральна гэтай вясной у аграгарадку Ведрыч шляхам высечкі з непралазнага зарасніку ўдалося зрабіць цудоўную паркавую зону. Адкрыўся прыгожы краявід вёскі, у ранейшых хмызах амерыканскага клёна адшукаліся цудоўныя прыгожыя дубы¬волаты, якія зараз радуюць вока і захапляюць позірк. Наталля Валянцінаўна прыводзіць рэакцыю аднае з жыхарак Ведрыча, якая пасля таго, што распачала “гарсавецкая” брыгада, вырашыла сама працягваць добраўпарадкаванне вёскі: “Некалі мяне прымушалі высякаць хмызняк, касіць бадылле. Я ж так не хацела, яшчэ і іншых адгаворвала. Зараз жа гляджу: а прыгожа ж зрабілася! То вось і сама да гэтых “марахветаў” падключылася”.
А ў саміх Васілевічах мінулая вясна азначылася амаладжэннем парку каля школы. Старыя таполі, пад якімі ўжо было страшна хадзіць, выдалілі, а на іх месцы пасадзілі новыя маладыя рабінкі, клёнікі і нават ядлоўцы. Дарэчы, я як раз быў у Васілевічах, калі тутэйшыя адмыслоўцы снараджалі цэлую экспедыцыю за гэтым хваёвым кустом у лясы поўдня Калінкавіцкага раёна, дзе ядловец звычайна расце ў падлеску сасновых бароў. Васілевіцкі лясгас вырашыў узбагаціць “беларускім кіпарысам” свой дэндрарый, і пра родны горад таксама не забыўся, прыхапіўшы работнікаў з гарсаветаўскіх брыгад і нарыхтаваўшы пасадачнага матэрыялу для школьнага парку.
Васілевіцкая сярэдняя школа – таксама адна з апор тутэйшага добраўпарадкавання. Паколькі горад Васілевічы мае вадаправод, вясною васілевіцкія шкаляры вырабілі для жыхароў невялічкае вёсачкі Закрошанскі Мох адмысловыя накрыўкі для калодзезяў. Цяпер гэта не проста крыніцы пітной вады, але і амаль што творы мастацтва.
Тое, што робяць брыгады гарсавета, розныя арганізацыі, за якімі замацаваныя васілевіцкія вуліцы, знаходзіць свой водгук і ў шырокага кола звычайных жыхароў. Як і ў Ведрычы, многія жыхары Васілевіч самі паказваюць прыклады добраўпарадкавання прылеглых тэрыторый. Наталля Валянцінаўна называе вуліцы, якія выклікаюць яе гонар. Гэта Першамайская, Заслонава, Калініна, Дачная, Вакзальная, Савецкая. Тут ледзь не ўсе жыхары актыўна наводзяць прыгажосць самі і старанна яе падтрымліваюць. Усяго ж агульная працягласць вуліц Васілевіч складае каля 42 км. І без актыўнасці жыхароў звалодаць з такой гаспадаркай адной старшыні было б цяжка. Таму Наталля Брэль з удзячнасцю называе сваіх памочнікаў¬актывістаў. Гэта Людміла Андрэеўна Крыгаўцова – дэпутат гарсавета па Заслонаўскай акрузе, Надзея Мікалаеўна Поляк – сацработнік з Закрошанскага Моху ды іншыя.
Цыганы – нашы грамадзяне
Мяркую, не скрыўлю душой, калі скажу, што пры ўзгадванні назвы Васілевічы ў памяці большасці жыхароў раёна адразу паўстаюць цыганы. Сапраўды – без іх уявіць гэты горад, мусіць, папросту немагчыма. Яны жывуць тут здаўна, і гэта трэба заўжды браць да ўліку. Наталля Брэль прызнаецца, што даволі цяжка было дагрукацца да прадстаўнікоў цыганскай дыяспары. Але ў яе і гэта атрымалася. Так званы барон, які мае найвялікшы аўтарытэт сярод прадстаўнікоў цыганскае нацыянальнасці, цяпер актыўна супрацоўнічае з мясцовай уладай. Наталля Валянцінаўна здолела данесці цыганам, што яны зараз такія ж грамадзяне Беларусі, як і карэннае насельніцтва. І маюць усе тыя ж правы і абавязкі. І, улічваючы шматстагоддзявыя традыцыі сумеснага існавання, трэба не цяжкасці ствараць адно аднаму, а дапамагаць і працаваць разам. Такі падыход зразумелі і прадстаўнікі цыганскай дыяспары. Іх неафіцыйны кіраўнік аб’ехаў усе падворкі, дзе жывуць цыганы, пагутарыўшы на тэмы добраўпарадкавання тэрыторый. І тыя ўжо шмат дзе прывялі свае падворкі і прылеглыя часткі вуліц у належны стан. Тое, што сярод цыган існуе вялікая міграцыя – таксама даннасць. Але не можа сёння ўлада спакойна мірыцца з тым, што на падведамаснай тэрыторыі жывуць людзі, у якіх няма аніякіх дакументаў, якія сведчаць, хто яны і адкуль. Таму і сама Наталля Брэль разам з тым жа баронам сёння ідзе ў цыганскія хаты і высвятляе, хто там жыве. Часам даводзіцца весці суправаджэнне тых, хто не мае дакументаў, і ў пашпартым стале, і ва ўпраўленні сацабароны – найперш хвалююць дзеткі, якім патрэбны належныя ўмовы. Адчуваючы непадробную зацікаўленасць кіраўніка мясцовай улады, і самі прадстаўнікі самага вольнага народа ў свеце ідуць на супрацоўніцтва. Атрымліваюць дакументы, уладкоўваюцца на працу. Адзін з цыганоў даволі добра працуе ў мясцовым ЖЭУ. А гэта – дарагога вартае, калі ўладзе давяраюць, прычым усе жыхары, незалежна ад нацыянальнасцяў і сацыяльнага статусу.
Умеем працаваць, будзем і адпачываць!
Васілевіцкі гарадскі дом культуры – гэта тая крыніца, якая робіць жыццё невялікага гарадка і прылеглых да яго вёсак цікавым і насычаным. Тутэйшы фальклорны калектыў не так даўно пацвердзіў ганаровае званне “народны”. А гэта можна назваць сапраўднаю перамогай.
Разам з Ведрыцкім цэнтрам культуры і вольнага часу васілевіцкія самадзейныя артысты ладзяць самыя розныя святы, у тым ліку і традыцыйныя святы населеных пунктаў. Тут таксама мае вялікае значэнне належная каардынацыя дзейнасці розных арганізацый горада. На апаратнай нарадзе ў старшыні гарсавета такія пытанні вельмі старанна абмяркоўваюцца. На свята Васілевіч свой адмысловы канцэрт падрыхтавала кожная арганізацыя, што ёсць у горадзе. А агульнае мастацкае кіраўніцтва – на адмыслоўцу ГДК – Галіне Аляксандраўне Пінчук. І свята атрымалася на зайздрасць. Больш за 30 дзяцей узялі ўдзел у конкурсе дзіцячае песні, а ўзнагароды пераможцам самабытныя майстры розных гуртковых фарміраванняў установы культуры выканалі сваімі рукамі. Такія падарункі, пэўна, найбольш каштоўныя, бо ў іх ёсць частка цеплыні душы аўтара, твайго земляка, суседа, сябра.
Жыццё невялікага палескага шматнацыянальнага гарадка са сваімі традыцыямі, радасцямі і праблемамі – насычанае і шматграннае. І звалодаць з усім гэтым – задача не з лёгкіх. Але калі ля штурвала такі энергічны, дзейны і апантаны сваёй працай чалавек, як Наталля Валянцінаўна Брэль, то справы рухаюцца і давер да ўлады аказваецца сапраўдны і непадробны.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара
"Дняпровец"