Речицкий районный исполнительный комитет. Официальный портал

Новости района

Таленты з Рэчыцы


Таленты з Рэчыцы


02 апреля 2013. Разместил: admin

Беларуская зямля багата на таленты. Гэта вядома. Але знайсці найярчэйшыя зоркі дапамагаюць творчыя конкурсы і фестывалі.

Так, у сакавіку, на Стаўбцоўшчыне, радзіме Якуба Коласа, адбыўся традыцыйны, XV па ліку, адкрыты абласны конкурс маладых выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах “Залатая труба” і быў прысвечаны памяці заслужанага работніка культуры Беларусі І. Янкоўскага.

Паказаць сваё майстэрства ў Стаўбцы з’ехалася 165 юных музыкантаў з 67 школ з усіх абласцей краіны, а таксама таленты з Украіны, Расіі, Польшчы і Германіі. Яшчэ адна значная акалічнасць музычнага спаборніцтва – прадстаўнічае журы, у склад якого ўвайшлі музычныя аўтарытэты не толькі нашай краіны, але і Расіі, Польшчы і нават Германіі. Былі сярод удзельнікаў і маладыя рэчычане, якія паказалі высокі ўзровень майстэрства. Так, Кацярына Жаўняк (флейта, сярэдняя група) узнагароджана Дыпломам за актыўны ўдзел, а Насця Япс (флейта, малодшая група) стала пераможцай і атрымала званне Лаўрэата конкурсу.

– Увогуле гэты конкурс адкрывае шырокую дарогу юным талентам, тым, хто сярод зямнога шматгалосся распазнае і вылучае мелодыю адухаўлення і абнаўлення жыцця, – адзначыла Галіна Куліцкая, намеснік дырэктара Рэчыцкай школы мастацтваў. – Вельмі прыемна адзначыць перамогу вучняў з Рэчыцы, якія на высокім узроўні паказалі сваё майстэрства і былі вызначаны сярод мноства таленавітых канкурсантаў.

Віншуем дзяўчат, іх настаўніка Жанну Філімоненка і канцэртмайстара Вікторыю Бідаву з выдатнай перамогай.

Тэкст і фота Вольгі НІКАН

"Дняпровец"


Вернуться назад