Речицкий районный исполнительный комитет. Официальный портал

Новости района

Заўсёды з дабром да людзей


Заўсёды з дабром да людзей


21 октября 2013. Разместил: admin

Бадай, у кожнай вёсцы ёсць людзі, якія, дзякуючы сваёй добрасумленнай працы і добразычлівым і паважлівым адносінам да кожнага чалавека, карыстаюцца ў аднавяскоўцаў аўтарытэтам і павагай. Звычайна гэта работнікі абслугоўваючых арганізацый, якія пастаянна знаходзяцца ў кантакце з людзьмі.

Днямі ў рэдакцыю прыйшоў ліст ад жыхаркі Ровенскай Слабады Н.Г. Дворнік. У ім аўтарка ад імя аднавяскоўцаў выказала шчырыя словы падзякі і прызнання ў адрас кантралёра Ровенскаслабадскога аддзялення № 320/207 Рэчыцкага філіяла ААТ “ААБ “Беларусбанк” Галіны Рамашчанка. Як пазначана ў лісце, Галіна Ільінічна заўсёды з павагай адносіцца да кожнага кліента, падрабязна тлумачыць і паказвае, як правільна аформіць той ці іншы плацёж, і заўсёды – з прыемнай усмешкай, ветліва і з дабрынёй у сэрцы. За гэта, а таксама за вялікую ўвагу да пажылых жыхароў, і ўдзячны ёй ад усяго сэрца аднавяскоўцы.

Галіна Ільінічна мясцовая, родам з Ровенскай Слабады. Пачынала ж свой працоўны шлях у 1986 годзе механізатарам у КСУП “Дзяржынскі-агра”. Гэтую спецыяльнасць набыла на ра-дзіме мужа, у Расіі. Потым працавала паштальёнам і адначасова сумяшчала пасаду фуражыра на малочна-таварным комплексе.

У “Беларусбанк” Галіна Рамашчанка прыйшла больш за 8 гадоў таму і ўвесь гэты час працуе кантралёрам аддзялення.

– Зараз наша аддзяленне аказвае вяскоўцам поўны комплекс неабходных банкаўскіх паслуг, – гаворыць Галіна Ільінічна. – Гэта і аплата камунальных паслуг, крэдытаў, і аплата за карыстанне газам, электраэнергіяй, тэлефонам, плацяжы ЕРІП, і работа з укладамі і аблігацыямі, і валютна-абменныя аперацыі, і выдача пенсій, і многае іншае. Адным словам, усё тое, што і ў горадзе. Кліентаў заўсёды хапае, а бываюць такія дні, калі нават галавы не паднімеш – па 100 чалавек за дзень абслугоўваеш. Добра, што людзі разумеюць, як гэта бывае нялёгка, і праяўляюць арганізаванасць і культуру. У гэтым мае аднавяскоўцы сапраўдныя малайцы. Ды і я да іх заўсёды імкнуся адносіцца з душою. За што яны мне дзякуюць. Вунь і ў кнігу заўваг і прапаноў уносяць удзячныя запісы. А гэта, як і, напэўна, кожнаму чалавеку, вельмі прыемна.

Галіна Ільінічна выхавала дваіх дзяцей, у кожнага ўжо свае сем’і. Таму з вялікім задавальненнем і любоўю шчаслівая бабуля дапамагае ім з выхаваннем трох унукаў. Сын Мікалай зараз працуе вадзіцелем на Рэчыцкім камбінаце хлебапрадуктаў, дачка Алеся пакуль знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

Гэта вельмі добра, што ў нас ёсць людзі, пасля стасункаў з якімі, дзякуючы іх дабрыні і светлым, шчырым усмешкам і самаму на душы становіцца цяплей і лагодней.

Дзмітрый БЯЛЬКО
Фота аўтара

"Дняпровец"


Вернуться назад