Мама, мамачка, матулька… Здаецца, інакш як ласкава гэтыя словы нельга і вымавіць. Бо ў іх укладваецца ўся любоў і павага да самага найдаражэйшага на зямлі чалавека – той, якая заўсёды чакае сваё дзіця, зразумее яго і даруе. Сёння наш аповяд пра мнагадзетную маці, якая нарадзіла і выхавала 10 дзяцей. Гэта Ніна Уладзіміраўна Стрыжак з вёскі Красны Мост Заспенскага сельсавета.
Ніна Уладзіміраўна тутэйшая. Нарадзілася і расла ў Заспе. Бацька яе не вярнуўся з вайны. Так і засталася маці Фёкла Фёдараўна з двума дзецьмі. Жылі разам з бабуляй у невялічкай хатцы. Дзядуля быў рэпрэсіраваны яшчэ ў 1937 годзе і адбываў пакаранне аж да 1947.
Уся мужчынская праца па гаспадарцы легла на плечы маці ды бабулі Ульяны Абакумаўны. З дзесяцігадовага ўзросту Ніну бралі жаць жыта, малаціць, палоць.
Пасля вайны дзяўчынка пайшла ў школу, скончыла 5 класаў. Дырэктар рэкамендаваў здольнай вучаніцы працягваць вучобу, але дзе там. Сям’я ледзьве ўзбівалася, каб пракарміцца. І дзяўчынка-падлетак прымае рашэнне ісці працаваць у калгас, чым і займалася да 1959 года.
Учотчыкам у паляводчай брыгадзе быў Іван Стрыжак. Хлопец не-не ды словам чапляў дзяўчыну, жартаваў. Потым яго прызвалі ў армію. Адслужыў і праз тры гады вярнуўся ў родны калгас.
Памятае Ніна, што гэта было 11 снежня. У той жа дзень Іван завітаў дадому да іх. Яго фраза: “А ты ніколькі не падрасла” нават неяк абразіла дзяўчыну. Але той пачаў асцярожна аказваць ёй знакі ўвагі, прапаноўваў стаць яго жонкай. І хоць Ніне хлопец падабаўся, але замуж за яго яшчэ не збіралася.
Тады ён знайшоў іншы падыход. А адбылося гэта 1 красавіка 1960 года, – расказвае Ніна Уладзіміраўна. – Пэўна, у той дзень Іван чакаў, пакуль я пайду на работу. А працавала я тады санітаркай у аптэцы. Ён зранку пайшоў да маёй маці і сказаў, маўляў, Ніне ў аптэку тэрмінова спатрэбілася яе пасведчанне аб нараджэнні. Маці і дала яго. А потым напрамую пашыбаваў у аптэку і паказвае, што пасведчанне аб нараджэнні ў яго. Іван зноў прапанаваў уступіць з ім у шлюб.
Хіба я не ведаю, якое сёння чысло. Ну і жартачкі ж у цябе! – паспрабавала пакрыўдзіцца дзяўчына і катэгарычна адрэзала: – Першага красавіка я з табой нікуды не пайду.
Тады Іван накіраваўся ў будынак сельскага Савета, які знаходзіўся якраз насупраць аптэкі. І растлумачыў сакратару сельсавета А. Дрынеўскай, што мае намер жаніцца, а яго абранніца не згаджаецца, бо сёння дзень гумару і смеху. Што рабіць?
Літаральна праз хвілін дваццаць на парозе аптэкі з’яўляецца сакратар сельсавета Антаніна Ніканораўна з кнігай рэгістрацыі шлюбаў.
Яна села ды кажа: “Ведаеш, сіраціна, за яго любая дзеўка пойдзе замуж”. Так быў зарэгістраваны наш шлюб.
Бацька не паверыў такой навіне сына, пакуль той не паказаў шлюбнае пасведчанне. Вечарам Іван абвясціў аб гэтым і маёй маці. А тая ў голас, плача: “Як замуж? У нас жа не сабраны пасаг…”
Бацькі дамовіліся згуляць вяселле ўвосень. А мы з маці пачалі збіраць той пасаг: сталі вышываць абрус, ручнікі, набожнік і г.д.
Але Іван настояў: вяселле будзе ў маі. А праз год нарадзілася дачушка Святлана, потым – Таццяна. Жылі спачатку ў яго бацькоў, потым – у маці Ніны. Але цеснавата станавілася ў невялічкай хаце, бо сям’я папаўнялася дзецьмі. Нарадзіліся Аляксандр, потым –Тамара.
Вырашылі Стрыжакі будаваць свой дом. Для гэтай мэты выдзелілі маладой сям’і лес. Самі яго вазілі, самі будавалі дом, свой дом. Жаданне жыць у сваім доме было такое вялікае, што яго пабудавалі за тры месяцы. Абсталявалі некалькі пакояў і ўсяліліся. Колькі было радасці!
У светлым новым доме звінелі дзіцячыя галасы. Потым яшчэ з’явіліся Пятро, Дзіма, Люба, Алена, Валянціна. Але тут сям’ю Стрыжак напаткала гора: нечакана памёр галава сям’і. Ніна Уладзіміраўна засталася адна са сваімі дзевяццю дзецьмі… Сама расла сіратой, а тут такі лёс. Удава… Горкія слёзы душылі. Але аднойчы яна паглядзела на сваіх дзетак і вырашыла, што трэба жыць, не падаць духам, а гадаваць і ставіць іх на ногі.
Як быць? Працаваць, працаваць, працаваць. Працавала да сёмага поту сама, вучыла таму і дзяцей. І яны ахвотна дапамагалі маці. З 12-ці гадоў сыны не толькі апрацоўвалі сабе соткі, але і дапамагалі суседзям, аднавяскоўцам валачыць, акучваць, араць і г.д.
Ніна Уладзіміраўна пайшла працаваць даяркай. Раненька, пакуль дзеці спяць, уставала ды ішла на ферму, вечарам позна вярталася. Праз некаторы час зразумела, што зносіны з дзецьмі скарачаюцца: няма часу ні ўрокі праверыць, ні за паводзінамі сачыць. Вырашыла зволіцца, працавала ў паляводстве. Брала апрацоўваць па 50 сотак буракоў, 50 сотак ільну.
У асабістай гаспадарцы трымала па тры каровы. Сяляне ведаюць, колькі сена трэба нарыхтаваць на тую жывёлу. Таму разам з дзецьмі і касіла, і грэбла, і стагі складала. Потым купіла швейную машыну. Дачушкам сукенкі шыла, сыночкам – кашулі. Ды й суседкі прасілі пашыць то спадніцу, то кашулю.
– Дарма што сям’я вялікая, а ў мяне ніколі гаршчок не быў пусты, – гаворыць Ніна Уладзіміраўна. – Свіней трымала. Дзеці дапамагалі: не трэба было і загадваць, што рабіць па гаспадарцы, ведалі самі. Хто прыбірае ў хаце, хто гатуе вячэру, хто траву нарыхтоўвае для скаціны ці што іншае робіць. А масавыя работы ўсе разам рабілі.
Як удалося выхаваць дзесяць дзяцей добрасумленнымі, прыстойных паводзін? – пытаюся.
Гэтая мілавідная жанчына без роздуму гаворыць, што галоўнае ў сям’і – гэта ўзаемапаразуменне. З маленства трэба прывучаць дзяцей да працы і парадку, дысцыпліны. У вялікай хаце, дзе гадавалася дзесяць дзяцей, заўсёды панаваў парадак, ложкі акуратна засцелены. Ніна Уладзіміраўна ніколі не павышала голас на дзіця, ніколі не біла, але і ўседазволенасці не было. Дзеці разумелі, што калі маці сказала “нельга”, то гэта быў закон.
А каб малыя не бегалі па вёсцы – дзе шукаць іх? – прасіла прывезці да хаты самазвал пяску: “Вось тут і гуляйце, каб я вас бачыла”.
– Няўжо не свавольнічалі? – дапытваюся.
– Чаму? Было – дзеці ёсць дзеці! Але вучыла, як магла, і словам, і на прыкладах.
Аднойчы адзін з сыноў-падлеткаў кажа мне, што ў дзеда-суседа вельмі смачныя яблыкі. Хлопцы-аднагодкі адарвалі дошку ў плоце і бралі іх. “Мама, дык я пайду і таксама набяру яблык”, – як бы пытаў згоду-дазволу малы. А яблык на падвор’і яшчэ не было.
– Мой ты сыночак. Ты і не пачуеш, як дзядуля прыйдзе, а ты спужаешся ды будзеш калекаю. Ніхто цябе любіць не будзе тады. А давай я табе дам грошы, ты пайдзі да дзядулі і купі ў яго яблык. Дзядуля і грошай не возьме, і табе насыпле цэлую сумку яблык.
Так і зрабілі. Прыбег хлопчык ад дзядулі радасны, шчаслівы. І кажа, што дзядуля паслухаў, пагладзіў яго па галоўцы, насыпаў яблык і запрасіў яшчэ прыходзіць, калі паядзім гэтыя.
Выраслі дзеці, усе атрымалі спецыяльнасці, разляцеліся з роднага гнязда, усе маюць свае сем’і. Усіх пажаніла, пааддавала замуж. Неяк у адпачынак прыехаў Аляксандр (ён жыве ў Мурманску). Замест адпачынку на моры ці ў замежжы ён у вясковай роднай хаце ўстанавіў душкабіну, туалет. Каб маме было ўтульна. Гэта не адзіны прыклад таго, што дзеці любяць маці і клапоцяцца пра яе. Трэба рамонт – з’едуцца і зробяць, трэба агарод пасеяць ці прыбраць – гэтак жа талакой збяруцца ды ўправяць.
Цяпер у вялікім доме гаспадыня засталася адна. Завуць дзеці да сябе, але пакуль ёй утульна ў сваёй хаце. Штодзень тэлефануюць. Малодшы Сяргей часта заязджае. У кожныя выхадныя ці святы прыязджаюць да бабулі дзеці ды ўнукі. Гэта яе радасць і шчасце.
Алена УСКОВА
Фота аўтара
"Дняпровец"