Армрэслінг пакуль не з’яўляецца алімпійскім відам спорту. Але тое, што ён ці не самы народны від, пацвердзіла чарговае першынство раёна па армрэслінгу сярод прадпрыемстваў і арганізацый.
І сапраўды, у чым яшчэ могуць падужацца хлопцы, сабраўшыся дзе заўгодна, калі не пазмагацца на руках? Не трэба бегчы на корт альбо даваць нырца ў басейн: локці на стол, тулава ва ўпор і… хто дужэйшы – высветліць не праблема! Канешне, у армрэслінгу маюцца свае правілы, але гэта не прымяншае яго папулярнасці. Нездарма раённае першынство сабрала ў спарткомплексе “Надзея” ажно пад 80 удзельнікаў з 16 каманд, якія былі падзеленыя на тры групы: каманды прадпрыемстваў з колькасцю працуючых да 500 чалавек, каманды прадпрыемстваў, дзе працуе больш за 500 чалавек, і асобна каманды сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый.
Змаганне было вельмі напружаным і ў фінале высветліла тых, у каго на нашай зямлі самыя дужэйшыя рукі. Камандныя месцы размеркаваліся наступным чынам.
Сярод арганізацый з колькасцю працуючых да 500 чалавек самыя дужыя рукі ў супрацоўнікаў Рэчыцкага раённага аддзела Дэпартамента аховы МУС Беларусі (гэта, дарэчы, да ведама правапарушальнікаў – лепш з хлопцамі з аховы не жартаваць!), другое месца заняла каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а на трэцяй прыступцы апынулася дзіцяча-юнацкая спартыўная школа № 1 Рэчыцкага раёна, за якую выступалі юныя выхаванцы адпаведнай секцыі пад кіраўніцтвам трэнера-выкладчыка вышэйшай катэгорыі суддзі нацыянальнай катэгорыі Анатоля Стрыжака.
Паміж арганізацый, дзе працуе больш за 500 работнікаў, першае месца занялі спартоўцы Рэчыцкага метызнага завода, а на другім апынуліся прадстаўнікі КУП “Рэчыцкі райжылкамгас”.
У групе сельгасарганізацый лепшымі сталі прадстаўнікі Рэчыцкага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя, другое месца – у сельгаспрадпрыемства “Дземяхоўскае”, на трэцім – прадстаўнікі КСУП “21 з’езд КПСС”.
Дыпломы пераможцаў у асабістым заліку атрымалі Вікторыя Ісакава з ДЮСШ № 1, Алена Чапліна і Кацярына Кабушкова з РМЗ, Дзмітрый Глыбоўскі з “Дземяхоўскага”, Віталь Раполаў з РМЗ, Арцём Нікіценка з прадпрыемства “Торгсервис”, Ілля Сідараў з РМЗ, Дзмітрый Качэня з ДЮСШ № 1, Вадзім Сурта з РАУС, Іван Якуш з аддзела Дэпартамента аховы, Уладзімір Кір’янаў з РМЗ і Аляксандр Кашпур з МВУ “Рэчыцаміжрайгаз”.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара
"Дняпровец"